У Беларусі прайшлі вакцынацыю каля 23% грамадзян. Беларусы могуць атрымаць прышчэпкі расейскай і кітайскай вакцынай.
Што матывуе беларусаў прышчапіцца — спыталася Свабода ў чытачоў.
«Я зараз хварэю на пнэўманію праз каранавірус. Празь некаторы час буду ставіць прышчэпку. Зьбіралася гэта раней зрабіць, да таго як захварэла, але не пасьпела. Я ня супраць прышчэпак. Але ведаю людзей, якія прышчэпленыя, але хварэюць і ляжаць на кіслародзе», — патлумачыла адна з чытачак.
Іншага чытача матывуе прышчапіцца сваяк, які працуе на хуткай. «Я перахварэў яшчэ зімой. На прышчэпку не пагаджаўся празь недавер да расейскай і кітайскай вакцыны. Ад сваяка, які працуе на хуткай, наслухаўся пра колькасьць тых, хто захварэў, недахоп ложкаў у шпіталі і кіслароду, высокую сьмяротнасьць. Але канчаткова вырашыў прышчапіцца, калі працадаўца паабяцаў прэмію», — расказаў чытач.
Людзі пішуць, што канчаткова вырашылі прышчапіцца, калі па два разы ўжо перахварэлі.
Адна з чытачак паведаміла, што зьбіраецца паехаць у Львоў, каб зрабіць там прышчэпку, узгодненую Сусьветнай арганізацыяй аховы здароўя. Такія прышчэпкі даюць магчымасьць падарожнічаць без карантыну. Паслугу прапануюць зь нядаўняга часу беларускія турыстычныя фірмы. Пакуль у прапановах — Румынія і Ўкраіна.
«Я хварэла ў лютым, у лёгкай форме. Толькі нюх прапаў. Зусім, і дагэтуль не вярнуўся. Зараз зрабіла першую прышчэпку кітайскай вакцынай, праз тыдзень будзе другая. Адмыслова чакала кітайскай вакцыны, каб мець магчымасьць езьдзіць ва Ўкраіну — там сэртыфікат прымаюць. Цікава, што праз тыдзень пасьля першай прышчэпкі да мяне вярнуўся нюх», — расказала чытачка Свабоды.
Андрэй хварэў у траўні, з 4 па 22 быў на бальнічным. Прымаў антыбіётыкі, ачуняў. «Цяпер жонка настойвае на вакцынацыі, думаю, што варта пагадзіцца», — лічыць чытач.