«Чым скончыцца гэты кашмар, ніхто ня ведае»
Мэдычная супрацоўніца А. (імя і прозьвішча ёсьць у рэдакцыі):
«Абстаноўка жудасная. Толькі ў нашай клініцы за выходныя на мінулым тыдні памерлі 32 пацыенты.
Людзей класьці няма куды. У палаце на 6 чалавек знаходзяцца 9. Хто не зьмясьціўся, ляжыць на каталцы. Ужо сказалі, што хворых будуць разьмяшчаць у апэрблёку (у апэрацыйнай), бо там ёсьць падводка кіслароду, якога цяпер катастрафічна не хапае.
Кіраўніцтва пытаецца: «Чаму ў вас ламаюцца апараты Баброва (выкарыстоўваюць для ўвільгатненьня чыстага кіслароду. — РС)?» Што на гэта адказваць? Таму што гэта прылада, якой уласьціва ламацца?
Даходзіць да таго, што ў працоўным чаце мэдыкі пішуць: «Можа ў каго будзе лішні кісларод, увільгатняльнік?».
У адной з клінік ад нізкай тэмпэратуры ноччу падмерзьлі кляпаны балёнаў. Праз гэта адбылася затрымка падачы кіслароду для пацыентаў у рэанімацыі. Пазьней у гэтай клініцы ў той жа дзень памерлі 4 чалавекі, сярод іх цяжарная жанчына на апошнім месяцы. Ёй хутка зрабілі кесарава сячэньне, і дзіця ўратавалі.
Я ня ведаю, ці ўжо тут гаворка пра халатнасьць, ці пра мітусьню, у якой мы працуем.
Усё замоўчваецца, нібыта сытуацыя спакойная. Людзі як хадзілі бяз масак, так і працягваюць гэта рабіць. Хворых шпіталізаваць няма куды. У маім аддзяленьні заробак застаўся такі, як быў раней — ці 6 чалавек працуе на ўсіх пацыентаў, ці 2.
Плянавыя апэрацыі па хранічных захворваньнях адкладаюцца. Нібыта яны ня экстраныя. Але ня факт, што празь нейкі час яны ня стануць экстранымі.
У нашай клініцы не хапае нават сродкаў індывідуальнай абароны. Абмежаваная колькасьць камбінэзонаў, аднаразовых шапак. А ў звычайных аддзяленьнях выдаюць адну аднаразовую маску на тыдзень.
Пэрсаналу не хапае. Пад пагрозай звальненьня прымушаюць у загадным парадку ісьці працаваць — не глядзяць, каму 60 гадоў, каму 20.
Цяпер чакаюць, што прыедзе Піневіч (міністар аховы здароўя Беларусі. — РС). Мэдработнікаў з дому выклікаюць тэрмінова прыбіраць лісьце. Падзялілі тэрыторыю і замацавалі за кожным аддзяленьнем. Заданьне зьверху даюць старшай загадчыцы, а яна ўжо нас моліць: прыедзьце, дапамажыце.
Паказальна робіцца ўсё. Звычайна лекары працуюць кожны дзень у брудных зонах і думаюць толькі, каб не запэцкаць гэты камбінэзон біялягічным матэрыялам: крывёю, сьлінай, мачой. Пацыенты — яны ж і кашляюць. Усё эканоміцца, але як толькі прыедзе Піневіч, «то вось вам, калі ласка, і маскі, і рэсьпіратары, і камбінэзоны...»
«Свайго жыцьця няма наогул ніякага»
Мэдычная супрацоўніца N. (імя і прозьвішча ёсьць у рэдакцыі):
«7-дзённую ізаляцыю людзі не выконваюць — ходзяць бяз масак па крамах, на працу, езьдзяць у грамадзкім транспарце. Калі раней, у першую хвалю ковіду, хворых яшчэ неяк стараліся правяраць — тэлефанавалі ў дамафоны, то цяпер жа гэтым ніхто не займаецца. Сёньня мы абавязаныя раз на тры дні дынамічна назіраць за ковіднымі пацыентамі. Але за валам працы мы гэтага практычна ня робім.
Зараз вельмі шмат маладых з высокай тэмпэратурай і з 50% паражэньня лёгкіх. Хворых з 25% ужо не кладуць у лякарню, а адпраўляюць лячыцца дадому, таму што месцаў у бальніцы няма.
Што будзе далей — не зразумела. У нас ужо вузкія спэцыялісты дапамагаюць у ковідных брыгадах: гінэколяг, уроляг. А пацыенты ўсё дадаюцца і дадаюцца. Дакладна ведаю, што да плято нам яшчэ вельмі далёка. Прасьвету не відаць.
На працу прыходзіш за 2–3 гадзіны да пачатку прыёму пацыентаў, пачынаеш апрацоўваць учорашні дзень, заносіш усе дадзеныя з дакумэнтаў у кампутар, выпісваеш бальнічныя лісткі, потым езьдзіш на візыты — разьлічваеш на 5, але пакуль ты ў дарозе, накінуць яшчэ 10.
Бывае, едзеш толькі да аднаго пацыента, у якога быў станоўчы мазок, каб адкрыць самаізаляцыю, а там з пакояў вылазяць, як мурашкі, яшчэ 5 хворых ягоных сваякоў.
Я ўжо баюся хадзіць па вуліцах і крамах. Усюды гэтыя пацыенты, спыняюць, пачынаюць браць нейкія кансультацыі.
Каб да чалавека, які проста дрэнна сябе адчувае пры сымптомах, падобных да COVID-19, прыехала брыгада хуткай, неаднаразова прыходзілася хлусіць, што сатурацыя (насычанасьць крыві кіслародам. — РС) у яго вельмі нізкая. Інакш лекары б не адгукнуліся.
Нам, мэдыкам, наогул не даюць «аднавіцца». Калі ў стацыянары доктар займаецца канкрэтнай палатай 10 дзён і прыкладна праз 2 дні туды падкладаюць «сьвежага» пацыента, то мы штодня кантактуем з 20 такімі. Вірусная нагрузка велізарная.
На днях нарэшце дазволілі выкінуць камбінэзон, у якім я езьдзіла зь верасьня — ён ужо ўвесь жоўты і брудны, разыходзіцца па швах. Прычына такога «раптоўнага» рашэньня — прыезд санстанцыі.
Аднак ёсьць у нас і такія жанчыны з мэдпэрсаналу, якія проста ня хочуць абараняцца. Таму што прычоска, прыгажосьць, макіяж. Едуць браць мазок у аднаразовым халаце, нават не ў камбінэзоне, у звычайнай масцы і ў адной пары пальчатак.
Свайго жыцьця няма наогул ніякага. На доўгія адпачынкі не пускаюць. Цяпер ужо ўсе такія выматаныя, што ніхто нічога ня хоча. Ні надбавак, проста нічога. Нейкая вялізная катастрофа».