Прапануем фрагмэнты размовы:
- Вялікую ролю (у маім вызваленьні. — РС) адыгралі журналісты і грамадзкасьць у Расеі, Украіне, Нямеччыне, Польшчы і ЗША. Але і дыпляматы, Дзярждэпартамэнт, Белы дом. У прыватнасьці, з асабістай ініцыятывы Трампа і спадара Пампэа.
- Калі б не было жаданьня Лукашэнкі (і тут пытаньне, чаму ён гэта зрабіў), то мяне б ня выпусьцілі... Падоўжыў двойчы мой арышт, да гэтага часу мая справа не закрытая. Хоць я ведаю асабіста ад спадара былога дзяржсакратара, што яму гэта абяцаў Лукашэнка ў тэлефоннай размове — што закрыюць крымінальную справу. Гэтага ня здарылася. Я думаю, што гэта быў прадмет торгу.
- Ні Ціханоўскі, ні Бабарыка не зьяўляюцца кандыдатамі Крамля. Навошта Крамлю нейкі кандыдат на тых выбарах? Крэмль цалкам задавальняе Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка.
- У Пуціна найперш няма выбару... Рэвалюцыі або перавароты, ці майданы апошніх 10 гадоў навучылі Пуціна разумець, цаніць і не мяняць коней на пераправе. Асабліва — зразумелых яму гульцоў, прагназаваных і слабых, зь яго пункту гледжаньня. Таму што (Лукашэнка. — РС) усё ж залежны ад яго.
- Навошта мяняць прэзыдэнта або ставіць свайго кандыдата? Каб што? Пуціна ўсё задавальняе. Цана пытаньня — некалькі мільярдаў даляраў. Яна зусім нікчэмная ў параўнаньні са зьменай шахматнай гульні і, магчыма, прыходам (беларускага. — РС) Зяленскага або нейкага празаходняга палітыка. Пры цяперашніх настроях у Беларусі гэта цалкам магчыма.
- Мы найперш новая нацыя, мы разам. Па-другое, жанчыны выйшлі на авансцэну, гэта вельмі важна. Па-трэцяе, прызнаньне на Захадзе новай, я нават не называю гэта апазыцыяй, а новай тканкі беларускай нацыі. Па-чацьвёртае, распад вобразу прэзыдэнта-бацькі, які валадарыў 26 гадоў.
- У Пуціна, на жаль, няма выбару. Я думаю, што Лукашэнка вельмі ўмела шантажуе і трымае на кручку (Пуціна. — рэд.), у роўнай ступені як Пуцін, ці Расея, ці Крэмль трымаюць Беларусь на эканамічным кароткім павадку. Я думаю, Лукашэнка сваёй непрадказальнасьцю і — самае галоўнае — гэтым анклявам на мяжы з Эўропай трымае Пуціна ў тонусе і ў закладніках у такой жа ступені. Пуцін — адназначна закладнік Лукашэнкі.
- Гэты чалавек (Лукашэнка. — РС), нягледзячы на тое, што ён мне здаецца досыць моцным, баіцца многага. Сіла яго паходзіць не ад таго, што ён круты або разумны. Сіла яго — гэта безвыходнасьць. Калі вас заганяюць у кут, нават калі вы маленькі добры пудзель, у перадсьмяротнай агоніі вы будзеце кусаць і гучна гаўкаць. Няма ў чалавека гэтага выхаду, і я думаю, што ў гэтым яго сіла, таму што гэта ўжо не пра выбары, гэта не пра дэмакратыю альбо нейкую рэзалюцыю АБСЭ. Гэта сьмерць або жыцьцё.