Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міграцыйны крызіс: польскія і беларускія памежнікі апублікавалі кожны сваё відэа аднаго інцыдэнту на мяжы


Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Зь яго можна зразумець, як адбываецца інфармацыйнае супрацьстаяньне ў міграцыйным крызісе.

Вечарам 12 кастрычніка польская служба аховы мяжы апублікавала відэа з групай мігрантаў на мяжы.

Мігранты кучна стаялі за сеткавай агароджай з боку Беларусі. Абапал іх пільнавалі людзі ў камуфляжы і цывільнай вопратцы з балаклавамі на тварах. Людзі з абодвух бакоў ад ад групы здымалі на смартфоны польскіх памежнікаў. Адзін зь мігрантаў нешта прамаўляў на камэру. У мігрантаў былі з сабой плякаты. На польскім відэа бачны адзін зь іх — «Ня дайце нам загінуць». Астатнімі плякатамі мігранты накрываліся ад дажджу.

На відэа чуваць, як польскія памежнікі спакойна тлумачаць мігрантам, што іхная спроба трапіць тут у Польшчу нелегальная. Што ім трэба ісьці на пункты пропуску ў Кузьніцу і Баброўнікі.

У тэксьце пад відэа польская памежная служба напісала: «Сёньня беларускія службы прывозяць да мяжы ўсё больш груп замежнікаў, бяруць у іх інтэрвію і запісваюць пастановачныя сцэнкі. Верагодна, на сайтах беларускіх службаў хутка зьявіцца яшчэ адзін зрэжысэраваны фільм. А можа, гэта падрыхтоўка да чарговага сілавога перасячэньня мяжы».

І сапраўды, «фільм» зьявіўся празь дзень у канале Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.

Тая ж група, тое ж месца, але іншы ракурс і фрагмэнт інцыдэнту.

На відэа чуваць плач дзяцей, крыкі мігрантаў, якія трасуць сеткавую агароджу і цягнуць рукі празь яе. Відаць, як польскі памежнік бʼе нечым, падобным да палкі, па руках мігрантаў і паўтарае: «Ня руш сетку». Чуваць стрэл, бачна, як адзін з польскіх сілавікоў накіроўвае зброю ў бок мігрантаў і апускае яе. «Ніхто ня трапіць у Польшчу, ясна?» — кажа памежнік.

Пасьля гэтага — склейка кадраў. Мужчына ад імя мігрантаў гаворыць апэратару на камэру па-ангельску, што мігранты хочуць трапіць у Польшчу, але іх не пускаюць. Ён тлумачыць, што ідзе дождж, яны ня могуць разьвесьці вогнішча, халадае, і такім надворʼем мігранты і дзеці могуць загінуць. Ён сьцьвярджае, што польскія памежнікі сказалі, што застрэляць яго, калі ён паспрабуе перайсьці мяжу.

Мужчына тлумачыць, што шукае ў «Польшчы, Нямеччыне ці недзе яшчэ» лепшага жыцьця. На гэтых словах адна зь мігрантак прыводзіць пад камэру дзяўчынку, астатнія мігранты раскрываюць плякаты. На іх напісана: «ЭЗ, перастань забіваць нас! Усе жыцьці важныя», «Мы такія ж людзі, як вы». Мігрант кажа, што яны захрасьлі тут, і заўтра, магчыма, яны ўжо будуць мёртвыя.

Пасьля наступнай склейкі кадраў відаць, як польскія памежнікі нясуць да агароджы скруткі калючага дроту.

У суправаджальным тэксьце беларускі памежны камітэт заявіў, што група мігрантаў была дастаўлена польскім бокам з глыбіні тэрыторыі і потым выцесьнена да мяжы. Як мігранты пры гэтым апынуліся зь беларускага боку сеткавай агароджы, не тлумачыцца. Раней ДПК сьцьвярджаў, што палякі разьбіраюць агароджу, каб выштурхнуць уцекачоў на тэрыторыю Беларусі, і зьбіраюць зноў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG