Пра ўсё гэта — у кнізе «Дзевяноста шосты». Прапануем вашай увазе фрагмэнты, якія будуць публікавацца па суботах і серадах.
Вы можаце атрымаць кнігу ў падарунак, адказаўшы правільна на пытаньні пра падзеі 1996 году.
Да Дня Волі-96 мы ў Народным Фронце рыхтаваліся грунтоўна.
Непасрэдна перад сьвяточнымі днямі ў сядзібе БНФ на вуліцы Варвашэні, 8 мы праводзілі чарговую канфэрэнцыю палітыкаў Балта-Чарнаморскага рэгіёну (Міжмор’я), на якой абмяркоўваліся палітычныя, эканамічныя ды іншыя аспэкты супрацоўніцтва Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі. Падрыхтоўка да канфэрэнцыі таксама брала час, таму дні былі напружаныя. Трэба было апеквацца гасьцямі з Украіны і краінаў Балтыі, зьбіраць выступы экспэртаў, дакумэнты. Я адказваў за блёк, зьвязаны з інфармацыйнай палітыкай.
У сакавіку 96-га важна было заявіць, што за незалежнасьць Беларусі выступае ня толькі БНФ, але і іншыя партыі, вядомыя асобы. І гэта ўдалося — у склад Аргкамітэту пагадзіліся ўвайсьці людзі, чые подпісы ў сумесных заявах разам з Пазьняком раней уявіць было цяжка (напрыклад, Мечыслава Грыба, ды й Станіслава Багданкевіча). А ўзначаліў Аргкамітэт сьвята Васіль Быкаў. Першай акцыяй стала заява пра Акт 25 сакавіка 1918 году:
«Мы ўсе беларусы, усе грамадзяне нашай краіны, будзем заўсёды шанаваць гэтую вялікую дату. Асабліва важна гэта цяпер, калі над нашай краінай зноў згусьціліся хмары небясьпекі, узьнікла пагроза нашай незалежнасьці, культуры, нацыянальнаму існаваньню.
Аргкамітэт заклікае грамадзянаў Беларусі, грамадзкія, палітычныя, дзяржаўныя арганізацыі ўрачыста і з годнасьцю адзначыць 78-я ўгодкі абвяшчэньня БНР. Грамадзскі Нацыянальны Аргкамітэт віншуе ўсіх грамадзянаў Беларусі са слаўнай датай незалежнасьці БНР і 78-мі ўгодкамі вялікай падзеі. Зычым свабоды, дабра і натхненьня ўсім людзям нашай краіны. Жыве Беларусь!
З цэнтральных дзяржаўных газэтаў нашую заяву апублікавала «Звязда». Пад заявай ішлі імёны сяброў аргкамітэту: «В. Быкаў (старшыня), Р. Барадулін, А. Грыцкевіч, М. Біч, Г. Карпенка, М. Грыб, А. Дабравольскі, С. Багданкевіч, П. Знавец, І. Сярэдзіч, Л. Баршчэўскі, І. Гермянчук, В. Мазец, Ю. Беленькі, Ю. Хадыка, В. Вячорка, В. Асташынскі, А. Бяляцкі, В. Сіўчык, А. Марачкін, С. Гусак, М. Купава, М. Анцыповіч, І. Саверчанка, С. Навумчык, М. Чарняўскі, З. Пазьняк».
Напярэдадні шэсьця прадстаўнікі Аргкамітэту далі прэсавую канфэрэнцыю ў Доме ўраду — гэтаму паспрыялі Станіслаў Багданкевіч і Аляксандар Дабравольскі, якія сядзелі перад мікрафонамі разам з Васілём Быкавым, Зянонам Пазьняком і аўтарам гэтых радкоў.
Быкаў казаў пра гістарычную значнасьць 25 сакавіка: «Усе пачаткі нашай дзяржаўнасьці, і безумоўна, нашага права пачынаюцца менавіта з гэтага часу — а менавіта з III-яй Устаўной граматы, у якой абвяшчалася Незалежнасьць Беларусі. У кожнай краіне — у кожнай нармальнай краіне, я хацеў бы сказаць — дэмакратычнай, гэта ўсё было б вельмі элемэнтарна, гэта б ведалі дзеці яшчэ са школы, а можа, зь дзіцячых садкоў. У нас жа якраз праз 78 год даводзіцца многае адкрываць. Прытым ва ўмовах нязгоды, а то і прамым супраціўленьні ўлад».
Быкаў паведаміў, што хаця Аргкамітэт падаў заяўку на шэсьце і мітынг на плошчы Незалежнасьці, Менгарвыканкам дазваляе толькі мітынг на пляцоўцы перад Опэрным тэатрам.
Быкаў гаварыў жорстка і адназначна.
«Элемэнтарнае права на шэсьце і дэманстрацыі, якое рэглямэнтавана многімі міжнароднымі пагадненьнямі, — у нас яно па-ранейшаму залежыць ад улады. Найперш, ад выканаўчай улады. Улады стварылі пэўны статус плошчы. Канешне, статус гэта — антыдэмакратычны, антынародны. У гарадах плошчы на тое і існуюць, каб на іх зьбіраўся народ. Гэта ва ўсіх рэлігіях, ва ўсіх цывілізацыях так было прынята. У нас гэта — тое месца, дзе адбываюцца рэпрэсіі».
На прэсавай канфэрэнцыі я абвясьціў рашэньне Аргкамітэту: калі людзі прыйдуць на плошчу Незалежнасьці — шэсьце адбудзецца, а парадак здольныя забясьпечыць структуры Народнага Фронту. Сказаў таксама, што ўвечары таго ж дня ў Доме літаратара пройдзе паказ фільму паводле аповесьці Васіля Быкава «На Чорных лядах» — фільм у пракат ня выйшаў, згодна з распараджэньнем, якое сыходзіла з адміністрацыі прэзыдэнта.
«Гэтыя ўгодкі павінны засьведчыць стан нашага грамадзтва, наколькі яно здольнае, наколькі яно гатовае выступіць у гэты пэрыяд у абарону самога сябе», — падсумаваў Зянон Пазьняк.
Некаторыя палітолягі ў тыя дні прадракалі Беларускаму Народнаму Фронту і ўвогуле нацыянальнаму руху імклівы заняпад. Маскоўскія палітыкі лічылі апошнія дні існаваньня незалежнай Беларусі.
Вечарам 23 сакавіка Менск засыпаў пад сьнегам, і холад панаваў ня толькі на вуліцах.
Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Білібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя»
Ашаламляльнае падарожжа ў будучыню, якая пакуль застаецца ў мінулым, вачыма ўдзельніка гістарычных падзей, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995) Сяргея Навумчыка.
Дзевяноста першы
Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.
Дзевяноста другі
Кніга пра год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, пачатак драмы беларускай дэмакратыі.
Дзевяноста трэці
Ва ўсёй вастрыні ў Беларусі аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва. Кніга расказвае пра ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды.
Дзевяноста чацьверты
Як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.
Дзевяноста пяты
Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.