Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Tut.by 21 год. Што піша з турмы рэдактарка закрытага ўладамі парталу Золатава


Марына Золатава, галоўная рэдактарка Tut.by, архіўнае фота
Марына Золатава, галоўная рэдактарка Tut.by, архіўнае фота

5 кастрычніка парталу Tut.by споўніўся 21 год. Кампанія разгромленая, сайт заблякаваны, 15 супрацоўнікаў у няволі, усе матэрыялы парталу за 21 год працы прызнаныя экстрэмісцкімі.

Сайт Zerkalo.io, які стаў пераемнікам парталу, з гэтай нагоды публікуе некалькі вытрымак зь лістоў зь СІЗА галоўнай рэдактаркі Tut.by Марыны Золатавай.

«Сёньня, калі спаўняецца 21 год, я хачу сказаць, што ганаруся маімі калегамі і ўпэўненая ў тым, што Tut.by будзе жыць. Я ўдзячная нашым чытачам за падтрымку, якую мы адчулі, нават знаходзячыся за кратамі. У сваю чаргу хачу павіншаваць калегаў і чытачоў. З днём нараджэньня, дарагія», — перадала сваё віншаваньне ў адным зь лістоў Марына Золатава.

«На Tut.by штомесяц заходзілі мільёны беларусаў. Гэтыя мільёны — вынік шматгадовай працы вялікай каманды, члены якой укладвалі ў яго душу, стала працавалі над разьвіцьцём парталу. Працавалі захоплена і самазабыўна, таму што адчувалі сябе карыснымі, таму што бачылі вынікі сваёй працы, адсочвалі статыстыку онлайн або атрымліваючы паведамленьні ад удзячных карыстальнікаў, таму што перад вачыма заўсёды быў выдатны прыклад, Юры Анатолевіч Зісер. Ён адкрываў для сябе новае ў кожны момант свайго жыцьця і таму ж вучыў усіх нас».

Цытаты праз краты. Спэцыяльны праект. Марына Золатава.
Цытаты праз краты. Спэцыяльны праект. Марына Золатава.

17 траўня 2020 году на 60-м годзе жыцьця ня стала заснавальніка партала Tut.by Юрыя Зісера.

13 жніўня 2021 году суд у Менску прызнаў экстрэмісцкімі матэрыялы парталу Tut.by і яго пераемніка Zerkalo.io, а таксама іх сацыяльных сетак.

Раней улады пазбавілі Tut.by статусу СМІ, 15 супрацоўнікаў рэдакцыі знаходзяцца за кратамі як падазраваныя ў крымінальнай справе. Сайт заблякаваны рашэньнем Міністэрства інфармацыі, аднак 8 ліпеня група супрацоўнікаў рэдакцыі абвясьціла аб стварэньні на базе Tut.by новага праекту — Zerkalo.io.

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG