Больш як за паўтара года ў Беларусі ад наступстваў каранавірусу памерлі 4200 пацыентаў.
Сутачны рэкорд за ўвесь час пандэміі зафіксаваны 2 кастрычніка — 1998 новых выпадкаў.
Агулам па краіне зарэгістравана 545 848 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, паправіліся 523 837 пацыентаў.
Раней беларускія ўлады неаднаразова атрымлівалі крытыку за яўнае заніжэньне сапраўдных лічбаў захварэлых на COVID-19. Як ацэньваюць экспэрты ў галіне мэдыцыны, паказьнікі маглі заніжацца ў 5–7 разоў.
Паводле ведамства, за мінулыя суткі выканана 24 538 тэстаў на каранавірус, агулам іх колькасьць склала 8 637 860. 14 верасьня Міністэрства аховы здароўя Беларусі заявіла аб прыходзе ў краіну чарговай, чацьвёртай па ліку, хвалі каранавірусу.
Міністар аховы здароўя Беларусі Дзьмітры Піневіч падчас паездкі ў Магілёў заклікаў усіх да асьцярожнасьці і больш жорсткага рэагаваньня на парушэньне мер сацыяльнага дыстанцыяваньня.
«Абстаноўка цяпер досыць складаная, але прагназуемая. Складанасьць у тым, што высокі ўзровень захворваньня трымаецца досыць доўгі час. Безумоўна, ён суправаджаецца ростам шпіталізацыі па ўсіх рэгіёнах, і Магілёўскі рэгіён тут не зьяўляецца выключэньнем», – цытуе словы міністра тэлеграм-канал Мінздароўя.
17 верасьня Міністэрства аховы здароўя прыпыніла дазвол рабіць ПЦР-тэсты шэрагу прыватных мэдцэнтраў і лябараторый — нібыта праз выяўленыя парушэньні. Пасьля ліквідацыі прэтэнзій некаторыя аднавілі дзейнасьць.
Так, ад 1 кастрычніка можна запісацца на прыём у лябараторыі Synevo, а зь сёньняшняга дня тэсты робіць і клініка «Аква-Мінск».