У сваім запыце на 1 кастрычніка, пададзеным у фэдэральны суд ЗША ў Флорыдзе, адвакаты Трампа сьцьвярджаюць, што дэпутаты Кангрэсу «прымусілі» Twitter выдаліць яго акаўнт.
Twitter «мае ступень улады і кантролю над палітычным дыскурсам ў гэтай краіне, які зьяўляецца гістарычна беспрэцэдэнтным і глыбока небясьпечным для адкрытых дэмакратычных дэбатаў», гаворыцца ў заяве адвакатаў Трампа.
Рашэньне Twitter, якое папярэднічала падобным крокам іншых сацыяльных сетак, было прынятае пасьля таго, як прыхільнікі Трампа сутыкнуліся з паліцыяй, а затым 6 студзеня праніклі ў будынак Капітолію, часткова яго абрабаваўшы і пагражаючы кангрэсмэнам.
Напад адбыўся падчас пасяджэньня Кангрэсу, на якім павінны былі афіцыйна засьведчыць перамогу Джо Байдэна над Трампам на прэзыдэнцкіх выбарах.
За некалькі гадзін да нападу Трамп выступіў перад вялікім натоўпам непадалёк ад Капітолію, дзе заклікаў сваіх прыхільнікаў «адчайна біцца». Ён прама не заклікаў да штурму Капітолію.