Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы паведамляюць пра масавыя затрыманьні за камэнтары аб забойстве супрацоўніка КДБ


Сілавікі ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Сілавікі ў Менску, ілюстрацыйнае фота

З розных гарадоў Беларусі прыходзяць паведамленьні пра арышты на падставе крымінальных артыкулаў 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 130 (распальваньне варожасьці).

Прычынай масавых затрыманьняў сталі, паводле праваабаронцаў, нэгатыўныя камэнтары да навіны пра забойства супрацоўніка КДБ і айцішніка Андрэя Зельцара, да якога 28 верасьня прыйшлі сілавікі.

Па дадзеных на 20:15 праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозьвішчы 51 затрыманага 29-30 верасьня ў Беларусі. Гэта жыхары Менску, Берасьця, Віцебску, Горадні, Гомля, Жлобіна, Пінску, Рэчыцы і Слоніма. Большасьць затрыманьняў зьвязаная з камэнтаваньнем у сацсетках пастоў пра гібель Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ — у межах арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці) Крымінальнага кодэксу.

У сацсетках пацьвярджаюць, што іх саміх ці блізкіх затрымлівалі паводле артыкула 130 КК за камэнтары з нагоды двух забойстваў пад публічнымі пастамі. Адных пасьля допыту адпускалі, а іншых развозілі па ізалятарах.

«Муж шапнуў: «Гэта КДБ». Як беларусаў затрымліваюць за камэнтары

Аляксей Сянько — 36-гадовы рабочы са Слоніма. Увечары 29 верасьня па яго прыйшлі з Камітэту дзяржбясьпекі, пасьля ў кватэры прайшоў ператрус.

«Я пазваніла мужу, ён спачатку ня браў слухаўку, пасьля кажа: не магу размаўляць. Мы пайшлі дадому, падыходзім, а там тыя трое Аляксея ўжо выводзяць. Ён пасьпеў мне шапнуць: гэта КДБ, — расказала яго жонка „Нашай Ніве“. — Муж сказаў: мяркуе, па яго прыйшлі за камэнтары».

Вобшук у кватэры Аляксея адбыўся каля 11-й вечара. Паводле жонкі, тады супрацоўнікі паказалі пасьведчаньні — сапраўды КДБ. Яны сказалі, што завялі дзьве справы: адна па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу («Абраза прадстаўніка ўлады»), другую яна ня памятае. Як зразумела жонка, справы завялі не на Аляксея, а агулам.

Паводле жонкі Аляксея, ён «актывіст, любіць камэнтары пісаць», але яна бачыла, што муж пісаў у мясцовай суполцы і, на яе думку, там няма ніякіх абразаў.

Напярэдадні намесьнік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў прыгразіў жорсткімі захадамі са стралянінай супраць тых, хто задумае абражаць супрацоўнікаў праваахоўных органаў ці не падпарадкавацца ім.

Перастрэлка ў кватэры з двума загінулымі. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк
Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG