Заяву, зробленую пасьля перастрэлкі, у якой загінуў супрацоўнік КДБ, ён зрабіў у эфіры СТВ.
«Цяпер сілавікі дзейнічаць будуць так — калі дзьверы не адчыняць, яны будуць падарваныя, далей сьвятлашумавыя гранаты, запусьцяць туды сабаку, зойдзем са шчытом, і калі спэцназ ня ўбачыць паднятых рук — агонь на зьнішчэньне».
Яшчэ некалькі ранейшых адметных цытат ад Мікалая Карпянкова:
- пад выглядам вяртаньня мігрантаў да нас закідаюць тэрарыстаў
- на палігоне ў Бабруйску затрымалі «трох адмарозкаў, якія зьдзейсьнілі шэсьць тэрактаў і экстрэмісцкіх акцыяў»
- як толькі паступіць загад — мы знойдзем і зачысьцім «зарваўшуюся крыважэрную апазыцыю».
У верасьні 2020 г. Мікалай Карпянкоў разьбіў вітрыну кавярні, дзе хаваліся мірныя пратэстоўцы. Пасьля чаго яго прызначылі камандзірам унутраных войскаў і прысвоілі званьне палкоўніка. У студзені 2021 году быў апублікаваны аўдыёзапіс размовы Карпянкова з падначаленымі, гаворка ў якім ішла пра забойства Аляксандра Тарайкоўскага, ужываньне сьмяротнай зброі і «лягеры для востракапытных».
- 8 верасьня ў Менску падчас рэйду КДБ па кватэрах у адной з кватэр жыхар аказаў супраціў сілавікам — стрэліў у аднаго зь іх з паляўнічай стрэльбы. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі мужчыну. Паранены супрацоўнік КДБ загінуў. Распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт.139 КК («Забойства асобы ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ёю службовай дзейнасьці»).
- Як стала вядома, страляў 31-гадовы Андрэй Зельцар, супрацоўнік EPAM Systems. Ён жанаты, мае сына. Меў афіцыйна зарэгістраваную зброю, бо ўваходзіў у Таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Таксама Зельцар займаўся фэхтаваньнем і трыятлёнам.
- Жонку Андрэя Зельцара Марыю Ўсьпенскую затрымалі праз падазрэньне ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ, цяпер яна ў сьледчым ізалятары на Акрэсьціна. У Сьледчым камітэце паведамілі, што жонка Зельцара «праводзіла відэаздымку» і «садзейнічала зьдзяйсьненьню злачынства».