Міністар фінансаў ЗША Джанэт Елен папярэдзіла заканадаўцаў пра «катастрафічныя» наступствы, якія могуць наступіць, калі Кангрэс да 18 кастрычніка не падвысіць усталяваную законам столь дзяржаўнай запазычанасьці або не прыпыніць дзеяньне абмежаваньняў на запазычаньні, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Паводле яе , бязьдзейнасьць можа прывесьці да адвольнай эканамічнай рэцэсіі і фінансавага крызісу.
На слуханьнях у камітэце Сэнату па банках, дзе яна давала паказаньні разам са старшынём ФРС Джэрамам Паўэлам, Елен выразна патлумачыла, што, на яе думку, здарыцца, калі Кангрэс не дасягне пагадненьня аб столі дзяржаўнай запазычанасьці да гэтай даты.
Міністэрства фінансаў лічыць, што ў гэты дзень ЗША могуць сутыкнуцца з дэфолтам.
«Гэта было б катастрафічна для амэрыканскай эканомікі, для глябальных фінансавых рынкаў і для мільёнаў сем’яў і работнікаў, чыя фінансавая бясьпека апынецца пад пагрозай з прычыны затрымкі выплат», — сказала Елен.
Яна выказала думку, што дэфолт паставіць пад пагрозу статус даляра як сусьветнай рэзэрвовай валюты, што, на думку дэмакратаў, стане падарункам Кітаю.
Цяпер запазычанасьць фэдэральнага ўраду складае 28,4 трыльёна даляраў.
Кангрэс заўсёды падвышаў столь дзяржаўнай запазычанасьці або цалкам адмяняў яе на некаторы час, каб прадухіліць дэфолт ЗША па сваіх запазычанасьцях, які мог зрабіцца прычынай сусьветнага фінансавага крызісу.
Доўгатэрміновыя запазычанасьці фэдэральнага ўраду прызначаныя для аплаты крокаў, ужо ўхваленых Кангрэсам, уключаючы дапамогу ў аднаўленьні эканомікі ЗША пасьля пандэміі каранавірусу.