Суд у Вашынгтоне паведаміў, што з Джона Гінклі-малодшага, які 30 гадоў таму зьдзейсьніў замах на прэзыдэнта ЗША Рональда Рэйгана, у 2022 годзе здымуць усе судовыя абмежаваньні. Гэта адбудзецца пры ўмове, калі Гінклі не парушыць да наступнага году ўмоваў утрыманьня і ягоны псыхічны стан будзе стабільны.
Судзьдзя на пасяджэньні адзначыў, што ў Гінклі няма сымптомаў псыхічнага разладу — ён у рэмісіі і не становіць небясьпекі для грамадзтва.
Міністэрства юстыцыі (у ЗША адначасна выконвае функцыю пракуратуры) дало згоду на вызваленьне Гінклі.
Джон Гінклі-малодшы стрэліў у Рональда Рэйгана 30 сакавіка 1981 году ў Вашынгтоне, каля гатэля Hilton. Рэйган быў паранены ў лёгкія, але хутка паправіўся. Пры замаху, акрамя Рэйгана, пацярпелі яшчэ тры чалавекі — прэс-сакратар Белага дому Джэймз Брэдзі, агент спэцслужбаў і паліцыянт.
Гінклі казаў, што пайшоў на злачынства, каб зрабіць уражаньне на акторку Джодзі Фостэр.
У 1982 годзе суд прызнаў Гінклі невінаватым з прычыны вар’яцтва. Асуджанага адправілі на лячэньне ў псыхіятрычную клініку. Там ён правёў 34 гады. На пачатку 2000-х гадоў Гінклі дазволілі сустракацца з бацькамі, а ў 2016 годзе яго выпісалі зь лякарні і дазволілі пасяліцца ў доме маці ў Вірджыніі. Яму забаронена валодаць зброяй, мець зносіны з прэсай, кантактаваць зь семʼямі Рэйгана і Фостэр.
- Замах на Рэйгана спрыяў зараджэньню руху за кантролем над агнястрэльнай зброяй, адзначае «Голас Амэрыкі». Брэдзі, які застаўся інвалідам, і яго жонка Сара заснавалі арганізацыю па прадухіленьні гвалту з ужываньнем агнястрэльнай зброі Brady Campaign to Prevent Gun Violence. Да самага канца прэзыдэнцтва Рэйгана Брэдзі лічыўся ягоным прэсавым сакратаром, хоць ня мог выконваць гэтыя функцыі. У 2014 годзе Брэдзі памёр.