Міністэрства фінансаў апублікавала праект зьменаў у Падатковы кодэкс.
У ім прадугледжваецца:
- адмена спрошчанага падаткаабкладаньня для шэрагу катэгорый;
- падвышэньне сумаў падаткаў для тых, хто здае ў арэнду кватэры і гаражы;
- увядзеньне збору для ўладальнікаў сабак,
- скасаваньне льготаў у сфэры аграэкатурызму.
- Згодна з праектам, зь ліку платнікаў падатку пры спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня зьбіраюцца выключыць індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама адвакатаў і натарыюсаў, якія працуюць празь бюро.
- Акрамя таго, ад 1 студзеня 2023 году хочуць адмяніць адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізычных асобаў.
- Прапісаныя новаўводзіны ў галіне аграэкатурызму. Ужо на 2022 год заплянавана падняць да 31 рубля за месяц аплату за кожную сядзібу. Цяпер падатак для ўладальнікаў аграсядзібаў і рамесьнікаў складае дзьве базавыя велічыні на год (58 рублёў).
- Ад наступнага году ўлады хочуць падвысіць стаўкі падаходнага падатку зь фізычных асобаў, якія здаюць у арэнду жытло, гаражы ці машына-месца.
- Таксама ў 2022 годзе павінны вырасьці стаўкі зямельнага падатку і на нерухомасьць — прыкладна на 7,2%.
- Чакаюць зьмены і ўладальнікаў сабак. Штоквартал гаспадары будуць абавязаныя плаціць 9,3 рубля за сабаку, старэйшага за 3 месяцы, і 46,5 рубля за патэнцыйна небясьпечныя пароды. Пры гэтым у пэрспэктыве іх могуць адвязаць ад памеру базавай велічыні, вызначаць канкрэтныя сумы.