Ракету запусьцілі з самалёта. Згодна з заявай Пэнтагону, сярод іншага падчас выпрабаваньняў правяраліся тэхналёгіі бясьпечнага аддзяленьня ракеты ад самалёта і сыстэмы запальваньня рухавікоў.
Новая зброя абяцае быць «высокаэфэктыўнай», падкрэсьліў прадстаўнік Пэнтагону Эндру Кнэдлер. Гэтыя выпрабаваньні, паводле яго, зьяўляюцца важным крокам у напрамку ператварэньня экспэрымэнтальнай праграмы ў праграму вытворчасьці ўзбраеньняў наступнага пакаленьня.
Па словах спэцыялістаў, тэхналёгіі, распрацаваныя кампаніяй Raytheon, дазволяць запускаць падобныя ракеты ня толькі з бамбавікоў, але і з самалётаў-штурмавікоў.
Праца над гіпэргукавой зброяй у ЗША стала адказам на праграму стварэньня падобнай зброі ў Расеі, якая, паводле афіцыйных заяваў, ужо паставіла на ўзбраеньне ракетныя комплексы «Авангард», якія запускаюцца з міжкантынэнтальных балістычных ракет. У чэрвені Ўладзімір Пуцін паведаміў, што неўзабаве на ўзбраеньне будуць прыняты гіпэргукавыя крылатыя ракеты «Цыркон».
У ЗША работы для стварэньня гіпэргукавых ракет таксама вядуцца карпарацыяй Loсkheed Martin, чыя ракета будзе запускацца са стратэгічных бамбавікоў. Амэрыканскія ВМС плянуюць у 2022 годзе пачаць гіпэргукавыя выпрабаваньні ракет, якія запускаюцца з субмарын.