«Сёньня паўгода, як мяне раптоўна вырвалі з нашага шчасьлівага жыцьця, гвалтоўна разьядналі нашую сям’ю. Досыць вялікі тэрмін, які, на жаль, пакуль не канчаецца», — напісаў Дзяніс.
У лісьце ён называе сябе пілігрымам. Піша, што адчувае сябе нармальна. Штодня ў дворыку на шпацыры стараецца праходзіць па 3 кілямэтры. Робіць спартовыя практыкаваньні, бо «пілігрым мае быць апрыёры ў добрай фізычнай форме».
Вязень прызнаецца, што добрае надвор’е падчас шпацыру выклікае зьмяшаныя пачуцьці, а ня толькі радасьць.
«Сум і тугу маю толькі з адной прычыны — уяўляю, як мы з табою бавілі б гэты час пад блакітам нябёсаў і зіхоткім сонцам. Дарэчы, упершыню за час майго пілігрымаваньня пабачыў у задратаваным небе вясёлку. Яна зьявілася раптоўна (не было аніякага дажджу) на заходнім напрамку на тле шызых хмараў. Будзем лічыць гэта добрым знакам», — піша гарадзенец.
Журналіст запэўнівае, што ня страціў матывацыі і натхненьня.
«Маральна-баявы стан, як і раней, знаходзіцца ў стратасфэры, скіраваны толькі і выключна на перамогу сілаў сьвятла і дабра і імкненьня прайсьці свой шлях да цябе», — піша Івашын жонцы.
Ліставаньне паміж Дзянісам Івашыным і ягонымі блізкімі вельмі слабае, ад яго амаль не прыходзіць лістоў, хоць піша ён рэгулярна.
Нядаўна стала вядома, што Івашыну выставілі новае абвінавачаньне, але артыкул пакуль невядомы.
Хто такі Дзяніс Івашын
- Дзяніс Івашын нарадзіўся 6 чэрвеня 1979 году ў Горадні.
- Журналіст-расьсьледавальнік. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Жанаты.
- Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і рэдактарам-валянтэрам беларускай вэрсіі сайта міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны.
- Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.
- Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 году, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 365 крымінальнага артыкулу («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»).
- Сваякі і калегі меркавалі, што затрыманьне Івашына зьвязана зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію пра гэта тэлеканалу «Настоящее время».
- Івашын высьветліў, што ў беларускім АМАПе налічваецца больш за дзесяць экс-беркутаўцаў, якія атрымалі грамадзянства і прынятыя на працу з парушэньнем закону. Паводле яго інфармацыі, экс-беркутаўцы ўдзельнічалі ў задушэньні масавых пратэстаў у 2020 годзе. Журналіст сьцьвярджаў, што ўсе зьвесткі для расьсьледаваньня браў з адкрытых крыніц.
- Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.
- У траўні 2021 году ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусьцілі разьвітацца зь ёй.
- Са словаў сваякоў, ліставаньне зь Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць у абодва бакі.
- У чэрвені стала вядома, што ў Дзяніса ў карцэры здарыўся сардэчны прыступ. Яму выклікалі кардыёляга, рабілі кардыяграму, прызначылі лекі.
- Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.
- У верасьні 2022 году журналіста асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўленьня волі паводле арт. 356 (здрада дзяржаве) і арт. 179 (незаконны збор і распаўсюд зьвестак пра прыватнае жыцьцё) Крымінальнага кодэксу.
- У канцы чэрвеня 2023-га Івашына перавялі на турэмны рэжым. Жонка палітвязьня Вольга адзначыла, што пра працэс па зьмене рэжыму ня ведалі ані сваякі, ані адвакат.
- У ліпені 2023 году палітвязьня перавялі з магілёўскай калёніі № 15 у жодзінскую турму на падставе рашэньня суду Кастрычніцкага раёну Магілёву.
- У красавіку 2024-га ад жонкі журналіста стала вядома, што Івашына пазбавілі перадач. Яна таксама паведаміла, што дасылаць вітаміны ў турму або калёнію можна толькі на падставе адмысловага дазволу лекара пэнітэнцыярнай установы. Раней такое правіла распаўсюджвалася толькі на неабходныя лекі.