Пасьля падліку больш як 85% бюлетэняў «Единая Россия» атрымлівае амаль 50 адсоткаў галасоў па партыйных сьпісах. Акрамя таго, 195 прадстаўнікоў партыі, паводле ЦВК, зьяўляюцца лідэрамі ў аднамандатных акругах. У сукупнасьці гэта дае прыблізна 315 з 450 мандатаў у новай Дзярждуме. Гэта менш, чым было ў «Единой России» раней, але больш, чым неабходныя для канстытуцыйнай большасьці 300 мандатаў.
На другім месцы КПРФ — у яе каля 19% галасоў па фэдэральных сьпісах, а прадстаўнікі партыі перамагаюць у 15 аднамандатных акругах. КПРФ здолела выйграць выбары, паводле папярэдніх зьвестак, у трох рэгіёнах — Якуціі, Хабараўскам краі і Ненецкай аўтаномнай акрузе.
У аднамандатных акругах у Думу таксама праходзяць некалькі кандыдатаў ад «Справедливой России» і па адным ад некалькіх партый, у тым ліку «Яблока», гаворка ідзе пра Сяргея Мітрохіна, які балятуецца ў Цэнтральнай акрузе ў Маскве. Аднак незразумела, ці ўтрымае ён лідэрства, паколькі яшчэ не апублікаваныя вынікі электроннага галасаваньня.
Па партыйных сьпісах у Думу, набіраючы больш за 7% галасоў, праходзяць таксама ЛДПР і «Справедливая Россия — За правду». Пакуль незразумела, ці зьявіцца ў Думе пятая партыя — «Новые люди» пасьля апрацоўкі 86 працэнтаў бюлетэняў пераадольваюць 5-працэнтны бар’ер, аднак запас невялікі — у іх 5,31%.
Адсутнасьць афіцыйных зьвестак аб электронным галасаваньні ў Маскве выклікала крытыку незалежных назіральнікаў і апазыцыі, якая падазрае ўлады ў фальсыфікацыях — без уліку электроннага галасаваньня ў шэрагу акруг перамагаюць кандыдаты, падтрыманыя «Разумным галасаваньнем» Аляксея Навальнага, зь яго ж улікам, як чакаецца, яны саступяць праўладным кандыдатам.
Увесь дзень 19 верасьня назіральнікі і выбарнікі паведамлялі пра сотні парушэньняў. Бюлетэні ўкідвалі, назіральнікаў выганялі з участкаў, кандыдатаў білі. ЦВК даў справаздачу пра адзінкавыя парушэньні і намякнуў, што «фабрыкацыяй фэйкаў» займаюцца апазыцыянэры. Таксама ЦВК дадаткова закадзіраваў вынікі галасаваньня. Цяпер прааналізаваць іх — а значыць і знайсьці падазроныя вынікі — будзе яшчэ больш складана.
- У Расеі 19 верасьня завяршылася трохдзённае галасаваньне на выбарах у Дзяржаўную Думу восьмага скліканьня, а таксама ў рэгіянальныя і муніцыпальныя органы ўлады. Расейцы выбіралі 450 дэпутатаў Дзярждумы. Сёлета на парлямэнцкія выбары зарэгістравалася 3812 кандыдатаў ад 14 партый.
- Акрамя выбараў у Дзярждуму, у 12 рэгіёнах Расеі выбіралі кіраўнікоў суб’ектаў РФ, а ў 39 рэгіёнах — дэпутатаў заканадаўчых органаў дзяржаўнай улады. Менавіта восьмае скліканьне Дзярждумы будзе засядаць, калі ў 2024 годзе завяршыцца чарговы прэзыдэнцкі тэрмін Уладзіміра Пуціна.