Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, але маці дазволілі прысутнічаць на пасяджэньнях. «Ні за што! Ніякіх доказаў не было пададзена», — цытуе «Віцебская вясна» словы маці Сяргея Думавы Алены.
Сяргея Думаву абвінавачвалі адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч.1 арт.293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады), ч.3 арт. 293 («Навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках»), арт. 341 («Апаганьваньне будынкаў ці іншых збудаваньняў цынічнымі надпісамі або малюнкамі»).
Па ўсіх абвінавачваньнях судзьдзя Міхаіл Юрчанка прызнаў Думаву вінаватым. Найбольшае пакараньне — 9 гадоў калёніі, прызначыў па артыкуле аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Апроч гэтага, 2 гады — за нібыта навучаньне і падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках. І 1 месяц арышту — за «апаганьваньне будынкаў».
Па сукупнасьці пакараньняў і «шляхам паглынаньня менш строгага пакараньня больш строгім» агульны тэрмін зьняволеньня склаў 9 гадоў і 15 сутак калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Сяргей Думава быў затрыманы 22 сакавіка 2021 году, калі расклейваў у горадзе налепкі. Пасьля затрыманьня ён прызнаўся ў тым, што нанёс яшчэ чырвонай фарбай некалькі надпісаў «Жыве Беларусь». У абвінавачваньні таксама фігуруюць надпісы «3%», «Чырвоны партызан», «Сыходзь».
Падчас ператрусу ў гаражы знайшліжалезны трафарэт герба Пагоня, а таксама пэтарды, страйкбольныя гранаты, дымавыя шашкі ды іншыя не забароненыя для захоўваньня прадметы.
Першае судовае паседжаньне адбылося 13 жніўня. На ім Сяргей адмовіўся даваць паказаньні. Як вынікала з пісьмовых паказаньняў, сваю віну ў выстаўленых абвінавачаньнях ён цалкам адмаўляў. Наступнае пасяджэньне, 16 жніўня, зрабілі ўжо закрытым. Фармальнай прычынай нібыта паслужыў фотаздымак, зроблены на працэсе і разьмешчаны ў інтэрнэце. Падчас вынясеньня прысуду судзьдзя Міхаіл Юрчанка забараніў ня толькі фатаграфаваць, але нават весьці запіс на дыктафон.
Адвакаты Сяргея Думавы зьбіраюцца абскарджваць рашэньне ў Віцебскім абласным судзе.