Гэтая атака была праведзеная праз тры дні пасьля таго, як тэрарысты «Ісламскай дзяржавы» забілі 13 амэрыканскіх вайскоўцаў і больш за 160 афганцаў, якія чакалі эвакуацыі ў аэрапорце Кабулу. Акрамя таго, амэрыканскі бесьпілётнік нанёс удар на ўсходзе Афганістана, зьнішчыўшы двух тэрарыстаў.
Як паведамляе «Голас Амэрыкі», Міністэрства абароны ЗША назвала сьмерць дзесяці грамадзянскіх асоб, у тым ліку сямі дзяцей, «трагічнай памылкай».
Кіраўнік Цэнтральнага камандаваньня ЗША генэрал Фрэнк Макензі заявіў, што падчас загаду аб атацы 29 жніўня ён быў упэўнены, што тэрарыст стварае непасрэдную небясьпеку для амэрыканскіх вайскоўцаў і грамадзянскіх асоб у аэрапорце Кабулу.
Міністар абароны ЗША Лойд Остын апублікаваў заяву ў якой паведамляецца, што ў выніку атакі загінуў мужчына, які працаваў на міжнародную дабрачынную арганізацыю. «Мы прыносім прабачэньні і зробім высновы з гэтай жудаснай памылкі», — гаворыцца ў заяве Остына.