Сумесная заява праваабарончых арганізацыяў на гэты конт апублікаваная на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна».
Праваабаронцы адзначаюць павелічэньне колькасьці выпадкаў асуджэньня і зьняволеньня грамадзянаў краіны паводле шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэксу, а таксама ў сувязі са зьдзекам зь дзяржаўных сымбаляў.
Праваабарончая супольнасьць чарговы раз патрабуе дэкрыміналізацыі дыфамацыі і заяўляе аб недапушчальнасьці пазбаўленьня волі грамадзянаў за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сымбаляў.
Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі наступных асобаў:
- Дзьмітры Таратун, асуджаны 14 траўня 2021 году па ч. 2 артыкулу 339 КК (Хуліганства) за нанесены на сьцяну будынку малюнак да трох гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
- Ірына Вікхольм, абвінавачваецца паводле артыкулу 367 КК (Паклёп на прэзыдэнта), узятая пад варту ў СІЗА;
- Андрэй Астрацоў, асуджаны паводле артыкулаў 368 КК (Абраза прэзыдэнта), 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), 366 КК (Пагроза гвалтам у адносінах да службовай асобы), 364 КК (Пагроза гвалтам у адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў) за камэнтары ў Тэлеграм-канале да пяці гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі;
- Арцём Сокал, асуджаны паводле ч.1 артыкула 367 (Паклёп на прэзыдэнта) і ч. 1 артыкула 368 КК (Абраза прэзыдэнта) за распаўсюд тэксту ў Тэлеграм-чаце да аднаго года і шасьці месяцаў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі;
- Канстанцін Дудзікаў, асуджаны паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) да аднаго году і шасьці месяцаў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
- Арцём Шалегін, асуджаны паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) да двух гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
- Аляксей Алікін, асуджаны паводле арт.369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) да двух гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
- Яўген Пятроў, асуджаны паводле ч. 1 артыкула 368 КК (Абраза прэзыдэнта) да аднаго году пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі;
- Уладзімер Кузуб, асуджаны паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) да трох гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
На 17 верасьня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязьнямі 675 чалавек