Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уся сям’я ў шоку». Першая рэакцыя сваякоў Рамана Бандарэнкі на спыненьне справы аб забойстве. ВІДЭА

абноўлена

Вольга Кучарэнка, сястра забітага Рамана Бандарэнкі
Вольга Кучарэнка, сястра забітага Рамана Бандарэнкі

Родныя Рамана Бандарэнкі абяцаюць змагацца за аднаўленьне расьсьледаваньня.

Сястра забітага ў лістападзе 2020 году Рамана Бандарэнкі Вольга Кучарэнка заявіла, што сям’я, якая даведалася пра спыненьне расьсьледаваньня гібелі Рамана з навінаў, працягне змагацца за праўду і будзе падаваць паперы ў афіцыйныя інстанцыі.

«Мы даведаліся гэта з інтэрнэту. Нам ніхто ніякіх паведамленьняў не прысылаў, ніхто не званіў, ніхто нічога не паведамляў», — сказала Вольга Кучарэнка.

Вольга сказала, што не разумее, чаму расьсьледаваньне не правялі па гарачых сьлядах, ня выкарысталі відэа, запісы з камэраў назіраньня, паказаньні сьведак.

«Замест гэтага яны тры месяцы цягнулі, не пачыналі крымінальнай справы, і толкам ніякія сьледчыя дзеяньні не праводзіліся. Адно галаслоўна крычалі, што Рома быў пʼяны і ён сам вінаваты», — адзначыла Вольга Кучарэнка.

«І потым, калі допыты пачаліся, то таксама пачалі дапытваць людзей на той конт, ці быў Рома пʼяны, ці быў у яго пах алькаголю і гэтак далей», — абурылася яна.

«Ствараецца ўражаньне, што яны ў прынцыпе не шукалі гэтых людзей», — адзначыла Вольга.

Яна спадзяецца, што маці Рамана ў Генпракуратуры дадуць падрабязныя тлумачэньні, што было зроблена сьледзтвам.

І што некалі будзе працяг справы.

17 верасьня Генэральная пракуратура заявіла аб прыпыненьні справы наконт гібелі Рамана Бандарэнкі.

Адвакат і маці забітага кансультуюцца, што рабіць цяпер.

«Пісаць заявы, ці я ня ведаю, якія яшчэ магчыма на заканадаўчым узроўні паперы, мы будзем. Бо я лічу, што гэта проста нейкі зьдзек», — сказала Вольга Кучарэнка.

Хто менавіта забіў Рамана Бандарэнку, невядома. Аднак сярод прысутных падчас нападу 12 лістапада 2020 году на запісах з камэраў назіраньня пазналі экс-кіраўніка Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава, неаднаразовага чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Дзьмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Натальлю Эйсмант.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG