Андрэй Стрыжак пасьля скандалу з адсыланьнем фатаздымкаў эратычнага характару застаўся працаваць у фондзе BySol. Камісія для ўнутранага разбору, ініцыяваная фондам BySol, выявіла парушэньне этыкі Андрэем Стрыжаком, ён адхілены дырэктаратам ад кіраўнічых пасадаў.
PR-каардынатар фонду Антон Жукаў распавёў Свабодзе, што на паседжаньні, якое прыняла канчатковае рашэньне Стрыжак паведаміў, што зьбіраецца ісьці ў псыхатэрапію.
«Ён асабіста вырашыў пайсьці ў псыхатэрапію, а таксама дапамагаць ініцыятывам, якія змагаюцца за правы жанчын. Калі Андрэю абвесьцілі рашэньне аб ягоным зыходзе, а ён заявіў, што ня можа пагадзіцца з такім рашэньнем гэта паўплывала на каманду і частка каманды сышла. Андрэй перадасьць свае юрыдычныя правы на арганізацыю, ён ня будзе больш чалавекам, які валодае юрыдычнай асобай», — распавёў Антон Жукаў.
Першапачаткова Камісія была за спыненьне супрацы з Андрэем Стрыжаком. Далей думкі камісіі, з аднаго боку, і дырэктарату і супрацоўнікаў фонду, зь іншага боку, падзяліліся.
Стрыжак, як паведамляецца ў выніковым дакумэнце, не пагадзіўся з рэкамэндацыямі Камісіі, і назваў іх «несправядлівымі, празьмернымі і непрапарцыйнымі». Ён ініцыяваў галасаваньне каманды фонду, дзьве траціны якой выказаліся за працяг працы зь ім.
Выніковая выснова дырэктарату фонду — Стрыжака можна пакінуць у фондзе, а заснавальніцтва BySol перадаць яго дырэктару Віталіюсу Моцкусу.
Вядома, што на знак пратэсту супраць такога рашэньня з фонду звольніліся тры чалавекі.
Форум