Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі хочуць разам з сховішчам для радыеактыўных адкідаў пабудаваць комплекс па іх перапрацоўцы


Вучэньні на БелАЭС. Ілюстрацыйнае фота
Вучэньні на БелАЭС. Ілюстрацыйнае фота

Дырэктар прадпрыемства «Беларуская арганізацыя па абыходжаньні з радыеактыўнымі адкідамі» Дзьмітры Логвін заявіў, што будаўніцтва сховішча для радыеактыўных адкідаў стане грунтам для стварэньня ў Беларусі новай эканамічнай галіны.

«Мы ня толькі займаемся фінальнай ізаляцыяй радыеактыўных адкідаў, але і хочам мець комплекс іх перапрацоўкі. Мы ствараем новую галіну ў Беларусі, якая дазваляе працаваць з прадуктамі мірнага атаму, рыхтаваць спэцыялістаў поўнага цыклю. Увесь гэты кейс забясьпечыць бясьпеку эксплуатацыі БелАЭС», — працытавала Логвіна выданьне tochka.by.

Гэтую інфармацыю абнародавалі на палях форуму World Atomic Week, які праходзіць у Маскве і ў якім плянуе ўзяць удзел Аляксандар Лукашэнка.

Старшыня Дзяржатамнагляду Беларусі Максім Мазурэнка дадаў, што гэта зьяўляецца ключавой задачай на бліжэйшыя 5 гадоў.

«Наша ідэя такая — пункт будзе працаваць ня толькі ў інтарэсах БелАЭС, але і ў інтарэсах усёй энэргасыстэмы абыходжаньня з радыеактыўнымі адкідамі ў Беларусі. Ён будзе прымаць адкіды, зьвязаныя з мэдыцынай, а таксама „чарнобыльскай спадчынай“», — паведаміў ён.

19 верасьня арганізацыя былых сілавікоў BelPol з спасылкай на свае крыніцы апублікавала дакумэнт, згодна зь якім пункт пахаваньня радыеактыўных адкідаў маюць разьмясьціць каля Беларускай АЭС у Астравецкім раёне, за 22 км ад літоўскай мяжы.

Паводле BelPol, гаворка пра адкіды 3 і 4 клясаў. Гэта сярэдне- і нізкаактыўныя адкіды — фільтры, іёнаабменныя смолы, забруджаныя матэрыялы, спэцвопратка, інструмэнты. Яны патрабуюць экранаваньня і спэцыяльных умоў захоўваньня, але гэта ня тое ж самае, што высокаактыўнае адпрацаванае паліва.

Улады Беларусі раней паведамлялі, што адпрацаванае паліва БелАЭС плянуецца перапрацоўваць у Расеі.

У паведамленьні BelPol адзначалася, што на праект плянуюць выдзеліць 941 млн рублёў, а ўвесьці ў эксплуатацыю — у 2030 годзе. Рэалізацыяй будзе займацца РУП «Беларуская арганізацыя па абыходжаньні з радыеактыўнымі адкідамі».

  • Збудаваньне БелАЭС каля Астраўца завяршылася ўвосень 2023 году. Станцыя пабудаваная паводле расейскага праекту, генэральным падрадчыкам выступіла дзяржаўная карпарацыя «Росатом». Першы энэргаблёк АЭС увялі ў прамысловую эксплуатацыю ў чэрвені 2021 году, другі — у лістападзе 2023-га.
  • Другую АЭС для Беларусі 13 сакавіка 2025 году абмяркоўвалі Аляксандар Лукашэнка і кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін. Тады Лукашэнка папрасіў Пуціна, каб «Росатом» збудаваў у Беларусі яшчэ адну станцыю.
  • Пад узьвядзеньне першай АЭС, якую збудавалі ў Астраўцы, Менск атрымаў ад Расеі крэдыт на 10 млрд даляраў, плюс каля 10% кошту праекту плянавалася выдаткаваць зь бюджэту Беларусі. У 2019 годзе Лукашэнка ацэньваў кошт праекту ў 7 млрд даляраў.
  • Пытаньні наконт мэтазгоднасьці будаўніцтва існуюць ня толькі да патэнцыйнай другой АЭС, але і да ўжо дзейнай, як з экалягічнага, так і з эканамічнага боку. Абодва блёкі першай беларускай АЭС ня раз прастойвалі, пра іх рамонт не заўжды своечасова паведамлялі грамадзкасьці. Таксама былі праблемы з дастаўкай корпусу рэактара, не да канца зразумелае рашэньне пра лёс адкідаў паліва. Улады нярэдка замоўчваюць інфармацыю датычна БелАЭС.
  • І пасьля запуску БелАЭС паслугі электраэнэргетыкі для насельніцтва ў Беларусі рэгулярна даражэюць, хоць раней Лукашэнка і ягоныя міністры шмат разоў гаварылі, што АЭС дапаможа ўтрымліваць цэны на электраэнэргію без павышэньня.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG