Сьцісла:
- Магчымасьць «блуду» з Захадам і вечных намёкаў Пуціну, што «калі ты ня будзеш плаціць, то я пайду на Захад» ужо скасаваная.
- Пуцін заўжды будзе дапамагаць Лукашэнку, тут у яго варыянтаў няма.
- Калі Пуцін перастае плаціць, то вельмі можа быць, што Лукашэнку скінуць.
- Крах Лукашэнкі — гэта псыхалягічная катастрофа для Пуціна.
- Лукашэнка зробіць усё магчымае, каб свае абяцаньні ня выканаць і нікуды не сыходзіць.
— На прэсавай канфэрэнцыі пасьля сустрэчы 9 верасьня Пуцін і Лукашэнка імкнуліся дэманстраваць максымальную еднасьць і згоду. З другога боку, калі яны абвясьцілі, што дасягнулі пагадненьня па ўсіх дарожных мапах, чаму б і не падпісаць іх урачыста ўжо ў гэты ж дзень, акурат напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у Расеі?
— Зразумела, што ня ўсё яны там узгаднілі. Вы правільна кажаце, што калі яны дэманструюць загадкавае адзінства і братэрства, то чаму б не падпісаць?
Гэта ўвогуле нейкая дзіўная гісторыя. У кастрычніку Лукашэнка шосты раз за год прыедзе ў Расею, гэта варта кнігі рэкордаў Гінэса, ды і ў іхных стасунках ніколі такога не было. Лукашэнка езьдзіць прасіць грошы — гэта адзіная мэта «братэрскіх візытаў». На гэты раз ён выпрасіў прымальныя цэны на газ і трошкі грошай — але нашмат меней, чым хацеў.
Зразумець хімію іхных адносінаў я не магу. Цалкам магчыма, што Пуціну дастаўляе задавальненьне прымушаць Лукашэнку прыніжацца, канькаць, поўзаць. А можа, і наадварот — яго раздражняюць гэтыя візыты, але ён ня можа іх пазбавіцца.
Што тычыцца гэтых «дарожных мапаў», то гэта ўсё ні аб чым. Тая ж пустапарожняя балбатня, як і ўся гэтая «саюзная дзяржава».
Магчымыя два станы. Першы. Дзяржава А зьяўляецца васалам дзяржавы Б, палітычна падпарадкоўваецца і атрымлівае грошы. Варыянт другі. Дзяржава А ліквідуецца і ўваходзіць у склад дзяржавы Б. Гэта ня пройдзе, гэта немагчыма, гэта не патрэбна ані Пуціну, ані Лукашэнку.
Застаецца першы варыянт — Беларусь зьяўляецца васалам Расеі. Яна заўсёды і паўсюль палітычна падтрымлівае Расею, выказвае бясконцую любоў і адданасьць, дэманструе, што яна большая Расея за саму Расею, бярэ ўсе мэмы антызаходняй прапаганды, іх узмацняе і лямантуе, што абараняе Расею ад полчышчаў NATO. За гэта Пуцін дае пэўныя падачкі.
— Стасункі «васал і сюзэрэн» не заўсёды прадугледжваюць адназначную рабскую залежнасьць, гэта балянс залежнасьцяў і інтарэсаў. Гэта змаганьне за даўжыню павадка. Ці лічыце вы, што зараз павадок у Лукашэнкі памяншаецца?
— Вядома, павадок памяншаецца. Лукашэнку не прызнаюць на Захадзе. Таму магчымасьць «блуду» з Захадам і вечных намёкаў Пуціну, што «калі ты ня будзеш плаціць, то я пайду на Захад» ужо скасаваная. Больш за тое, калі ня будзе прамога паліцэйскага і палітычнага «даху» ад Расеі, то ягонае становішча будзе вельмі хісткім.
Вядома, беларускія сілавікі ня маюць патрэбы прасіць дазволу ў Масквы, каб кагосьці хапаць і арыштоўваць. Але вага загадаў Лукашэнкі, калі яны падмацаваныя аўтарытэтам маскоўскага «даху» — гэта адно. А калі такога «даху» няма — гэта зусім іншае. Таму для Лукашэнкі жыцьцёва важны расейскі «дах». Пры тым гэта такі своеасаблівы дах, які не забірае грошы, а наадварот, дае.
Што канкрэтна азначае скарачэньне павадка. Тут важныя дзьве рэчы. Па-першае, прызнаньне Крыму неад’емнай часткай Расеі, для Пуціна гэта было б вельмі прыемна. Годзе языком балбатаць. Але не, не ідзе на гэта Лукашэнка, выкручваецца, але не ідзе. Думаю, не ідзе на гэта, каб было далей чым таргавацца.
Другая тэма больш важная для Беларусі — эканамічная. У цэлым беларуская эканоміка не канкурэнтаздольная. Але ёсьць асобныя «смачныя кавалкі», якія Пуцін хацеў бы набыць ва ўласнасьць расейскіх кампаніяў. Лукашэнка і на гэта не ідзе, бо ў яго кулацкі інстынкт, ён лічыць усю Беларусь сваёй уласнасьцю і аддаваць яе свайму братану, нават свайму «даху» ён не жадае.
— Наконт «смачных» прадпрыемстваў сытуацыя мяняецца. І «Беларуськалій» і нафтаперапрацоўчыя заводы цяпер трапляць пад амэрыканскія і эўрапейскія санкцыі, таму страчваюць сваю прывабнасьць, становяцца таксычнымі. Некаторыя беларускія аналітыкі акурат у гэтым і бачаць сэнс заходніх санкцыяў — што падтрымка Беларусі становіцца надта дарагой рэччу для Расеі. Што будзе рабіць Пуцін, калі эканоміка Беларусі пачне завальвацца ад санкцыяў?
— Сапраўды, гэта вельмі цікавае пытаньне. Купляць сабе праблемы, набываць прадпрыемствы, якія трапілі пад санкцыі, невялікая радасьць.
Што тычыцца дапамогі — Пуцін заўжды будзе дапамагаць Лукашэнку, тут у яго варыянтаў няма. Прычынаў для гэтага некалькі.
Першая — традыцыя. Лукашэнка «запісаны» за Пуціным, як Асэтыя, ці Данбас. Гэта тэрыторыя, якую Расея «апякае». Для чаго гэта робіцца? Бо калі хоць адну з гэтых тэрыторыяў Пуцін адпусьціць, то гэта ўдар па ягоным іміджы і амбіцыях. Узяўся — трымай.
Другое. Адпусьціць Беларусь — палітычна гэта азначае страціць адзінага 100-працэнтнага васала на міжнароднай сцэне. Што б ні было, Беларусь заўсёды галасуе за Расею.
Трэцяе — кантраст. Пакуль Лукашэнка на троне, Пуцін ня самы горшы дыктатар у Эўропе. Лукашэнка і ва ўладзе даўжэй знаходзіцца. У Беларусі значна больш жорсткая і бязьлітасная дыктатура, і на гэтым фоне Пуцін выглядае ня самым кепскім.
І самае галоўнае. Калі Пуцін перастае плаціць, то вельмі верагодна, што Лукашэнку скінуць. Усе ягоныя сілавікі разумеюць, што, пакуль яго падтрымлівае Расея, ён застанецца дыктатарам і ты можаш спакойна выконваць ягоныя загады. А калі ён адзін, заўтра яго скінуць і ты будзеш адказваць за выкананьне ягоных злачынных загадаў.
Таму калі Расея перастане дапамагаць, то вельмі імаверна, што наступіць раскол у сілавых элітах і Лукашэнку канец. Але крах Лукашэнкі — гэта псыхалягічная катастрофа для Пуціна.
Урэшце, чаму Пуцін так напружваўся, калі быў кіеўскі Майдан? Халера зь ім, з гэтым Януковічам, патрэбен ён табе, як леташні сьнег. Брыдкі тып. З таго моманту, як Януковіч уцёк у Расею, Пуцін яго ня тое што ні разу не прыняў — ні разу галавы ў ягоны бок не павярнуў. Няма такога чалавека для яго. Але Майдан у Пуціна выклікаў выбух шаленства. Чаму? Бо жахлівы прыклад. У першыя дні Майдану многія ў Расеі на яго глядзелі так: «Яны гоняць карупцыянэраў, хабарнікаў — малайцы хлопцы». Потым ужо падключылася прапаганда і стаўленьне да Майдану зьмянілася.
Тое самае ў Беларусі: патэнцыйная адстаўка Лукашэнкі — гэта званок для Пуціна пра тое, што ён наступны.
— Яшчэ падчас першай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі — пасьля жніўня 2020-га — у Сочы ў верасьні 2020-га было аб’яўлена, што вынікам сустрэчы будзе транзыт улады ў Беларусі як спосаб разьвязаць палітычны крызіс. З таго часу некаторыя аналітыкі сталі даказваць, што Масква хоча зьмены ўлады ў Беларусі, каб замест Лукашэнкі прыйшоў больш прадказальны палітычны расклад. Але з кожнай сустрэчай Пуціна і Лукашэнкі тэма транзыту зусім адыходзіла, і на апошняй сустрэчы Пуцін, наадварот, сказаў, што ў Беларусі сытуацыя стабілізавалася. Маўляў, ніякага транзыту ўлады і ня трэба, забудзьце. Па-вашаму, гэта ад пачатку быў падман з боку Крамля, ці Масква сапраўды хацела, каб Лукашэнка сышоў? І што сам Лукашэнка цяпер будзе рабіць са сваімі шматлікімі абяцаньнямі пра канстытуцыйную рэформу ў Беларусі?
— Што тычыцца Расеі, то гэта была хлусьня ад самога пачатку. Яшчэ раз паўтаруся — Пуціну не патрэбна Беларусь без Лукашэнкі. Яму патрэбна захаваньне статус-кво. Ніякі дыктатар, старэючы, не жадае ніякіх пераменаў, і ў жыцьцёвым сэнсе, і ў палітычным.
Навошта Пуціну адстаўка Лукашэнкі? Каб паказаць народу Расеі, што пад уплывам народных пратэстаў дыктатар сыходзіць? Не, яму трэба паказаць супрацьлеглае: што дыктатар застанецца, а пратэстоўцаў будуць саджаць на вялікія тэрміны. Толькі намаганьнямі Масквы Лукашэнка і ўседзеў на сваім месцы.
Што тычыцца майго прагнозу наконт таго, ці сыдзе Лукашэнка ў выніку «канстытуцыйнай рэформы», то я лічу, што ён неяк выкруціцца і нікуды сыходзіць ня будзе. Каму ён можа ўладу перадаць? Сыну? Бо гэта адзіная гарантыя, што яго не пасадзяць у турму ў Беларусі. Як любы дыктатар Лукашэнка нікому ня верыць. Нават ня ў сэнсе здрады — наўрад ці сын яму здрадзіць. Проста — «слабы, не пацягне».
Мне здаецца, што Лукашэнка зробіць усё магчымае, каб свае абяцаньні ня выканаць і каб нікуды не сыходзіць. Але тое, што Масква зробіць усё магчымае, каб яго захаваць — гэта факт. Усе разумеюць, што пасьля ягонага сыходу ўся сыстэма ў Беларусі абваліцца. Актыўная частка грамадзтва яўна настроена ісьці на Захад, і так ці іначай у краіне будзе зусім іншая палітыка. І, паўтаруся, для Пуціна галоўнае — захаваць дыктатара як сымбаль таго, што дыктатура — гэта навечна.