Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы зьліквідавалі моладзевае аб’яднаньне «Зьвяз», усяго ў Беларусі закрылі ўжо 135 НДА


Турнір па гульні «1514», арганізаваны «Зьвязам» у 2015 годзе
Турнір па гульні «1514», арганізаваны «Зьвязам» у 2015 годзе

Аршанская арганізацыя існавала са жніўня 1999 году.

8 верасьня Віцебскі абласны суд задаволіў пазоў галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту да аршанскага моладзевага аб’яднаньня «Зьвяз». Сваёй пастановай судзьдзя Марына Острыкава вырашыла ліквідаваць арганізацыю.

Кіраўнік «Зьвязу» — вядомы аршанскі палітычны і грамадзкі актывіст, праваабаронца, галоўны рэдактар сайту orsha.eu Ігар Казьмярчак. Ён не прыйшоў на суд, бо, па ўласным прызнаньні, чакаў рашэньня аб ліквідацыі.

У ліпені самога Казьмерчака затрымлівалі ў межах крымінальнай справы аб «псаваньні маёмасьці», якую потым закрылі, а яго выпусьцілі з ізалятару. Акрамя таго, Міністэрства надзвычайных сытуацый 18 ліпеня прымусова закрыла «Цудоўную краму», якая належала Казьмерчаку і гандлявала беларускай нацыянальнай сымболікай і адзеньнем, а таксама сувэнірамі, якія падкрэсьлівалі рэгіянальны калярыт Аршаншчыны.

Аршанскае моладзевае грамадзкае аб’яднаньне «Зьвяз» стварылі 11 жніўня 1999 году, а 17 лютага 2000 году Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму зарэгістравала яго. Гэта было адзінае афіцыйна зарэгістраванае недзяржаўнае моладзевае аб’яднаньне Воршы. Аб’яднаньне мела тры кірункі дзейнасьці: моладзевы, гісторыка-культурніцкі і адукацыйны.

За сваю гісторыю «Зьвяз» арганізаваў дзясяткі мерапрыемстваў: інтэлектуальныя і спартовыя турніры, вандроўкі, экскурсіі, выпуск друкаваных выданьняў, экалягічныя і прававыя сэмінары. Арганізацыя таксама ажыцьцяўляла кансультацыйную дапамогу ў вырашэньні сацыяльных пытаньняў.

Ад сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Агулам па стане на 9 верасьня, згодна са зьвесткамі Праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі ад ліпеня-2021 ужо 135 зьліквідаваных недзяржаўных арганізацый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG