Выканаўцам абавязкаў кіраўніка ўраду названы мула Махамад Хасан Ахунд. Да гэтага моманту ён узначальваў Шуру (раду кіраўніцтва) радыкальнага руху. Амаль усе ключавыя міністэрствы разьмеркаваныя паміж прадстаўнікамі талібаў.
У прыватнасьці, міністрам выведкі стаў Абдул Хак Васік, які 12 гадоў знаходзіўся пад арыштам у амэрыканскай турме ў Гуантанама на Кубе. Кіраўніком МУС абвешчаны сын заснавальніка праталібскай групоўкі «Сетка Хакані» Сіраджудын Хакані (гэтую арганізацыю ўлады ЗША прызналі тэрарыстычнай). Міністрам абароны — сын заснавальніка «Талібану» Мухамад Якуб Муджахід. Міністрам эканомікі абвешчаны былы міністар замежных спраў краіны Махамад Ханіф Атмар.
У сярэдзіне жніўня талібы імкліва ўзялі пад кантроль усю тэрыторыю Афганістану, бяз бою захапіўшы сталіцу і найбуйнейшы горад Кабул. Да таго моманту радыкалы вялі з уладамі краіны перамовы аб стварэньні кааліцыйнага ўраду.
Пасьля захопу ўлады прадстаўнікі руху заявілі, што ня маюць патрэбы ў кааліцыях і сфармуюць урад самастойна. Афганістан абвешчаны ісламскім эміратам, сьвецкая ўлада ў якім будзе пад рэлігійным кантролем.
- Краіны Захаду не прызнаюць талібаў законным урадам Афганістану. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў 6 верасьня, што руху трэба прайсьці доўгі шлях, калі ён хоча міжнароднага прызнаньня, — перадае Афганская служба Радыё Свабода.
- З 1996 па 2001 год талібы ўжо былі фактычнымі кіраўнікамі краіны і абвяшчалі яе ісламскім эміратам. Тады іхны ўрад фармальна прызнавалі толькі тры дзяржавы — Пакістан, Саудаўская Арабія і Абʼяднаныя Арабскія Эміраты.