Адпаведную заяву кіраўніца нямецкага ўраду зрабіла ў нядзелю, 5 верасьня, на прэс-канфэрэнцыі ў Гаґен (Паўночны Рэйн — Вэстфалія).
«Што тычыцца (прадстаўнікоў. — РС.) „Талібану“, то, вядома, мы павінны гаварыць зь імі, таму што менавіта зь імі цяпер даводзіцца мець справу», — падкрэсьліла Мэркель.
Па словах канцлеркі, такі дыялёг неабходны, каб працягнуць эвакуацыю афганцаў, якія маюць у гэтым патрэбу.
«Мы хочам вывезьці з краіны людзей, якія працавалі, у прыватнасьці, на нямецкія арганізацыі, зьвязаныя з разьвіцьцём, і цяпер адчуваюць сябе пад пагрозай», — дадала кіраўніца нямецкага ўраду.
Яна падкрэсьліла, што такі дыялёг дазволіць працягнуць пастаўку гуманітарнай дапамогі ў Афганістан. Пры гэтым Мэркель назвала «добрым сыгналам» той факт, што Міжнародны аэрапорт Кабула імя Хаміда Карзая нядаўна быў зноў адкрыты для палётаў.