У выніковай прэс-канфэрэнцыі бралі ўдзел прадстаўнікі беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, сярод якіх Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (FIDH), Amnesty International, Human Rights Watch, Human Rights House Foundation, Front Line Defenders, Ostgruppen, Freedom House, Right Livelihood, Libereco — Партнэрства за правы чалавека, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава, ПЦ «Вясна», БХК і БАЖ.
Кіраўнік аддзелу Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі ў Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) Ільля Нузаў расказаў, што цягам двух дзён прадстаўнікі розных арганізацый абмяркоўвалі захады дзеля як найхутчэйшага вызваленьня праваабаронцаў «Вясны» і ўсіх палітвязьняў у Беларусі.
«Вясна» — партнэрская арганізацыя FIDH. Дзейны віцэ-прэзыдэнт FIDH Валянцін Стэфановіч і былы віцэ-прэзыдэнт Алесь Бяляцкі цяпер за кратамі.
«Мы плянуем вялікую кампанію, накіраваную на дасягненьне нашай мэты. Пачатак прызначаны на 17 верасьня — дзень, калі год таму затрымалі каардынатарку валянтэрскай службы Марфу Рабкову, якая да гэтага часу ў зьняволеньні», — адзначыў Ільля Нузаў.
Юрыст «Вясны» Павал Сапелка нагадаў пра перасьлед, які зазналі праваабаронцы за апошні год: дзясяткі сябраў арганізацыі былі затрыманыя па ўсёй Беларусі, у іх праходзілі ператрусы і допыты, сямёра дагэтуль у няволі: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка, Тацяна Ласіца.
«Наша арганізацыя дасягнула шматлікіх посьпехаў, таму стала вельмі нязручнай для дзяржавы. Яшчэ летась мы былі падрыхтаваныя да таго, што ўлады будуць нас перасьледаваць. Так урэшце і адбылося», — канстатаваў Павал Сапелка.
Паводле прадстаўніцы «Вясны» Натальлі Сацункевіч, нягледзячы на моцны ўдар з боку ўладаў, праваабаронцы, як і шматлікія іншыя недзяржаўныя арганізацыі, працягваюць працу дзеля абароны і прасоўваньня правоў грамадзянаў.
«Да той пары, пакуль апошні вясновец ня будзе на свабодзе, мы будзем працягваць сваю працу», — працытавала яна словы свайго зьняволенага кіраўніка Алеся Бяляцкага.
Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак перакананы, што праваабаронцы ўспрымаюцца ўладамі як ворагі, а іх дзейнасьць — як антыдзяржаўная. Менавіта таму яны цяпер за кратамі.
«Важна адзначыць, што праца „Вясны“ не спынялася, людзі працягваюць атрымліваць дапамогу, бо праблемы ў краіне нікуды не падзеліся: сотні арганізацый закрытыя, людзі перасьледуюцца ў крымінальных справах, многія ў зьняволеньні. Сілавікі ня могуць спыніцца і працягваюць шукаць ворагаў у тых, хто хоча для краіны лепшай будучыні», — сказаў Алег Гулак.
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец спыніўся на сытуацыі з рэпрэсіямі ў Беларусі за апошні год і асобна — на ціску на грамадзянскі сэктар.
«Мы павінны зрабіць усё магчымае дзеля таго, каб гэтая жудасная сытуацыя была зьмененая найбліжэйшым часам, хоць нашых рэсурсаў і недастаткова. Але ўсё адно мусім рабіць тое, што неабходна. І, канечне, зьвярнуць асобную ўвагу на калегаў-вясноўцаў», — падкрэсьліў Андрэй Бастунец.
Прадстаўніца Amnesty International Хэзэр Макгіл дадала, што для яе вялікі гонар знаходзіцца сярод праваабаронцаў, якія плацяць вельмі высокую цану за сваю дзейнасьць. Арганізацыя цягам 20 гадоў шчыльна супрацоўнічае зь «Вясной», БАЖ, БХК у розных тэмах, зьвязаных з правамі чалавека.
«Самую высокую цану плацяць цяпер тыя, хто знаходзіцца ў турме. Мне вельмі складана ўсьвядоміць, што я не працую з Алесем, Валянцінам, Уладзімерам, але працую дзеля іх», — падсумавала Хэзэр Макгіл.
Прадстаўніца Human Rights Watch Анастасія Злобіна акцэнтавала ўвагу на тым, што маштаб рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці за апошні год беспрэцэдэнтны.
«25 гадоў „Вясна“ абараняе правы чалавека і дапамагае людзям, а цяпер праваабаронцы самі маюць патрэбу ў міжнароднай падтрымцы, якой і прысьвечаная кампанія #FreeViasna. Яна і закліканая прыцягнуць увагу да праблемаў усіх праваабаронцаў у краіне. Мы доўгі час разьлічвалі на „Вясну“, і без праваабаронцаў у Беларусі немагчымая праца многіх міжнародных арганізацый», — заявіла Анастасія Злобіна.
Спэцдакладчыца ААН па сытуацыі з правамі чалавека Анаіс Марэн падчас сваёй прамовы паведаміла, што ў Радзе ААН занепакоеныя лёсам усіх зьняволеных праваабаронцаў, затрыманьне якіх там лічаць неправамерным і палітычна матываваным. Чарговы даклад будзе прадстаўлены 25 кастрычніка ў Нью-Ёрку на пасяджэньні Генэральнай Асамблеі ААН.
Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча затрымалі 14 ліпеня ў рамках крымінальнай справы паводле ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Усе яны прызнаныя палітычнымі зьняволенымі, як і іншыя калегі-праваабаронцы.