Міністэрства інфармацыі і «Белкніга» выпусьцілі праграму «Чытанка» зь некалькімі дзясяткаў аўдыёкніг для Android-дэвайсаў.
У ёй можна паслухаць творы клясыкаў беларускай літаратуры Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Кузьмы Чорнага, Зьмітрака Бядулі, Міхася Зарэцкага, Максіма Гарэцкага і іншых, пераклады Адама Міцкевіча і Міколы Гусоўскага.
Уперамешку зь імі месьцяцца творы сучасных аўтараў з афіцыйнага саюзу пісьменьнікаў, у тым ліку на расейскай мове.
У 2019 годзе Міністэрства інфармацыі выклала ў агульны доступ больш за сто аўдыёкніг. Але чамусьці ня ўсе яны трапілі ў «Чытанку».
Тады ж быў створаны «партызанскі навігатар» па больш як 170 беларускіх аўдыёкнігах, у якім ёсьць спасылкі і на Радыё Свабода ды knihi.by. Стваральнік навігатара Аляксей Чарнякевіч расказваў тады, што дасылаў у Мінінфарм прапанову паўнавартасна аформіць іхную калекцыю, але, «напэўна, ліст недзе згубіўся».
Сёлета ўрачыстасьці, прысьвечаныя Дню беларускага пісьменства, праходзяць у Капылі. Там адкрыюць памятны знак Цішку Гартнаму і ўручаць Нацыянальную літаратурную прэмію.
У віншаваньні гасьцям і ўдзельнікам сьвяткаваньня Аляксандар Лукашэнка зазначыў, што «праўдзівае, адказнае і сумленнае роднае слова — залог кансалідацыі грамадзтва, на падмурку якога мы зможам і надалей пасьпяхова будаваць незалежную, моцную і квітнеючую краіну».