Вэб-дызайнэр Аляксей Чаранкевіч, аўтар «Мапы станаўленьня Беларусі», сабраў на адной старонцы ўсе бясплатныя аўдыёкнігі на беларускай мове, што знайшоў у інтэрнэце.
На ягоным сайце сабраныя 177 аўдыёкніг 58 аўтараў. Усе можна спампаваць.
Як піша Аляксей Чаранкевіч, нагодай да стварэньня сайту стала публікацыя больш як сотні аўдыёкніг Міністэрствам інфармацыі. Праўда, міністэрства выклала іх адной дырэкторыяй на Google Drive. Чаранкевіч вырашыў зрабіць «навігатар» па той калекцыі і дапоўніў яе выданьнямі з Knihi.by і Радыё Свабода.
Чаранкевіч расказаў «Нашай Ніве», што дасылаў у Мінінфарм прапанову паўнавартасна аформіць іхную калекцыю, але, «напэўна, ліст недзе згубіўся», таму ён і зрабіў «партызанскі навігатар».
Сьпіс кніг ён абяцае дапаўняць. і ёсьць чым. Так, з архіву Радыё Свабода ў сьпіс трапіла «Доўгая дарога дадому» Васіля Быкава (начытаная самім аўтарам), але ня трапілі многія іншыя аўдыёкнігі Свабоды — напрыклад, «Птушкі пералётныя» Галіны Руднік, «Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы або «Клініка кітайскага дантыста» Зьмітра Бартосіка.
Чытальная заля Свабоды >>