Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе ў рэжыме чаканьня». Што цяпер са страйкам на «Беларуськаліі»


Шахтары «Беларуськалію» 18 жніўня 2021 г.
Шахтары «Беларуськалію» 18 жніўня 2021 г.

Год таму актыўна заявілі пра сябе беларускія шахтары. Зварот пра новыя выбары, супраць гвалту і за страйк падпісалі больш за 6400 супрацоўнікаў «Беларуськалію». Цяпер падтрымліваюць страйк 140 чалавек. Усіх іх звольнілі. Што адбылося за год з прамысловым флягманам, Свабода спыталася ў лідэра страйкаму «Беларуськалію» Віталя Дзядзюка.

«Каля 3 тысяч жыхароў Салігорску, якія актыўна падтрымалі пратэст, прайшлі празь перасьлед паводле пратаколаў за год»

Віталь Дзядзюк мусіў зьехаць ад перасьледу ў Польшчу. Ён кажа, што пасьпеў да таго, як па яго прыйшлі.

«Тры пратаколы за ўдзел у акцыях, грубае затрыманьне супрацоўнікамі АМАП і пагрузка ў багажнік службовага легкавіка, РАУС, пастаянныя выклікі ў АБЭЗ, падатковую інспэкцыю, да кіраўніцтва Салігорскага РАУС, запалохваньне пазбаўленьнем волі за сваю пазыцыю і ўдзел у страйку. У выніку Сьледчым камітэтам сфабрыкаваная справа за экстрэмізм і сабатаж. Два месяцы за мной сачылі па месцы жыхарства, некалькі разоў пры затрыманьні ўдалося ўцячы. Праз два тыдні, як я выехаў, на мяне завялі крымінальную справу. За нібыта махлярства са страхаваньнем! Гэта ня дзіва — на многіх нашых, хто ўдзельнічаў у пратэстах, распачалі крымінальныя справы не за масавыя беспарадкі, а за іншае: наркотыкі, нібыта нявыплачаныя падаткі і гэтак далей», — кажа лідэр страйкаму.

А яшчэ празь месяц, у студзені, ГУБАЗіК абвясьціў яго ў вышук, заявіўшы, што Віталь — лідэр нейкай незаконнай арганізацыі, якая займалася сабатажам на прадпрыемстве.

Дзядзюк кажа, што пад міліцэйскі перасьлед трапілі каля 3 тысяч жыхароў Салігорску. Гэта тыя, хто актыўна ўдзельнічаў у розных формах пратэсту, у тым ліку на «Беларуськаліі», і атрымаў за гэта штрафы і «суткі». Многія цяпер ужо былыя супрацоўнікі прадпрыемства мусілі пакінуць краіну. Віталь ведае як мінімум пра паўсотні чалавек з Салігорску, вымушаных выехаць зь сем’ямі.

«Яны аселі ў асноўным у Польшчы, а таксама ў Літве, Францыі, Чарнагорыі, у ЗША. Я ня ведаю, ці вернуцца нашы людзі. Большасьць, мусіць, не. Бо ў Эўропе і ўзровень жыцьця вышэйшы, і заробкі. Людзі ўладкавалі тут дзяцей у садкі і школы, знайшлі працу — наўрад ці паедуць ужо назад», — разважае Віталь.

«За гэты год адміністрацыя сем разоў выплачвала дадатковыя прэміі — задобрывалі людзей»

Лідэр страйкаму кажа, што з пачаткам пратэстаў адміністрацыя прадпрыемства «ня спала, ня ела — працавала дзень і ноч» з рабочымі, каб прадухіліць страйк.

«26 гадоў рэжым закручваў гайкі. Людзей павязалі крэдытамі, абавязаньнямі, кантрактамі. Ну, і недзе ў многіх страх спрацаваў. І салідарнасьці не хапіла. Бо адміністрацыя працавала, я вам скажу, з кожным па-рознаму. Каго ўгаворвалі, каго запалохвалі. На некага быў фізычны ціск, на іншых — псыхалягічны. Ціск на сем’і, празь дзяцей. Адміністрацыя падманвала людзей, казала: „Гэта толькі вы страйкуеце, іншыя працуюць“, а гэта было ня так. Потым пачалі выплачваць прэміі дадатковыя, ад 50 да 100%, і так сем разоў за год! Задобрывалі людзей. Наколькі я ведаю, за 2020 год фонд заробку на „Беларуськаліі“ быў перавышаны на 60 мільёнаў даляраў. Простай мовай — людзей купілі, каб яны не баставалі», — разважае Віталь.

Ён кажа, што, нягледзячы на масавыя рэпрэсіі, настрой у людзей не зьмяніўся, і рабочыя чакаюць пераменаў.

«Шмат ёсьць людзей, у якіх „хата з краю“, але я на сувязі ўвесь час з працоўнымі калектывамі — настрой у людзей нармальны. Усе выдатна разумеюць, што наперадзе пры гэтым рэжыме нічога добрага ня будзе. Ужо цяпер на прадпрыемстве адміністрацыя кажа, што трэба рыхтавацца да таго, каб зацягнуць паясы. Літва закрые свой порт для перавалкі калію. Вазіць грузы праз Расею, Мурманск — ну такое сабе, гэта значна даражэй і прадукцыя пад санкцыямі. Плюс санкцыі працуюць. Мінус — усё больш няшчасных выпадкаў на вытворчасьці, бо пра тэхніку бясьпекі, індывідуальныя сродкі засьцярогі ніхто ня дбае».

«Ва ўсіх выпадках заўсёды вінаваты сам пацярпелы»

Віталь кажа, што апошнім часам на прадпрыемстве ўсё больш няшчасных выпадкаў. Калі пацярпелы рабочы пачынае настойваць на расьсьледаваньні няшчаснага выпадку, адразу ідзе ціск, зноў жа праз запалохваньне і пагрозы пацярпеламу і яго сям’і з боку адміністрацыі прадпрыемства. Угаворваюць узяць віну на сябе і паказаць у акце найбольшую віну самога працоўнага.

«Вялікае ўтойваньне няшчасных выпадкаў. Каэфіцыент цяжару і сьмяротнасьці няшчасных выпадкаў за апошнія 10 гадоў вельмі вырас, а каэфіцыент частаты выпадкаў зьнізіўся. Адным словам, ня могуць схаваць толькі тое, што апрыёры нельга схаваць — цела пацярпелага або моцнае калецтва.

На матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне на 2021 і 2022 гады таксама значна зрэзалі сродкі. Няма элемэнтарных рэчаў. Брыгадам, каб выканаць заданьне, даводзіцца скідвацца і купляць за свае сродкі інструмэнт. Нормы падвышаюцца, а заробкі — не. Усе гэта бачаць працоўныя: бачаць адсутнасьць засьцярогі, бачаць, што інстытуты ўлады не працуюць, няма судоў, ліквідавалі інстытут адвакатаў. У рабочага няма аніякіх правоў. Бачаць і чакаюць», — кажа Віталь.

«Заробкі ў нас заўсёды былі добрыя»

Хоць, натуральна, заробкі на «Беларуськаліі» заўсёды былі добрыя. «Ад 200 да 5000 даляраў. Сярэдні заробак каля 1000 даляраў», — кажа лідэр страйкаму. Ён кажа, што працоўныя цяпер жывуць у рэжыме чаканьня.

«Усе чакаюць. Усе бачаць, што сытуацыя пагаршаецца. Гэта вынік няправільных дзеяньняў незаконнай улады і ўвядзеньня санкцый», — кажа Віталь.

Па падліках страйкаму, за гэты год страйкоўцы Салігорску сплацілі 15 тысяч даляраў штрафаў і адбылі звыш 1100 сутак у ІЧУ агулам на ўсіх затрыманых. Некаторыя прайшлі катаваньні і зьдзекі, але ня палі духам. Віталь перадаў словы падзякі ад усіх страйкоўцаў і іх сем’яў беларусам замежжа, дыяспарам, ініцыятыве IneedHelp, арганізаванай беларусамі ЗША і Канады, і ўсім неабыякавым беларусам.

«Нам дапамагаў і дапамагае ўвесь сьвет. Дапамагаюць каму дзіця ў школу сабраць, каму — грашамі на выплату штрафаў, прадуктамі, мясцовыя жыхары Салігорску перадачу ў ІЧУ зьбяруць, каму — псыхалягічнай падтрымкай. Дзякуючы такой салідарнасьці ў людзей не апусьціліся рукі, людзі маюць надзею на перамены», — дадаў Віталь Дзядзюк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG