Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейская — вашая родная»: на акупаваным Данбасе новы інструмэнт для выхаваньня дзяцей


Акцыя ў Кіеве супраць русыфікацыі ўсходніх рэгіёнаў Украіны, 2016
Акцыя ў Кіеве супраць русыфікацыі ўсходніх рэгіёнаў Украіны, 2016

У самаабвешчанай «ДНР» на восьмы год вайны абяцаюць прывесьці навучальную праграму ў школах у поўную адпаведнасьць з праграмай у Расеі. Пры гэтым, як і ў «ЛНР», расейскую мову, на якой ідзе навучаньне, могуць палічыць яшчэ і за «мову карэнных народаў», пашырыўшы яе вывучэньне.

«Родной язык» — так называецца новы прадмет, які падкантрольная Расеі адміністрацыя Данецку ўвядзе ў школьную праграму з 1 верасьня. У самой Расеі такі прадмет задуманы для вывучэньня моў карэнных народаў, аднак на акупаванай украінскай тэрыторыі, хутчэй за ўсё, гэта будзе зноў расейская, піша Донбас.Реалії.

Так званае «Міністэрства адукацыі і навукі „ДНР“» рэкамэндавала прысьвяціць першыя заняткі ў новым навучальным годзе расейскай культуры. У школьнікаў хочуць сфармаваць «сыстэмныя ўяўленьні пра айчыну — Расею, Данецкую Народную Рэспубліку». А перад пачаткам навучальнага году загаварылі аб збліжэньні сфэр адукацыі і «роднай» расейскай мове.

Віцэ-прэм’ер самаабвешчанай «ДНР» Уладзімір Антонаў заявіў, што стаіць задача прывесьці праграмы на тэрыторыі ў поўную адпаведнасьць з расейскімі, уключна з найменьнем і колькасьцю гадзін на навучальныя дысцыпліны, а таксама павелічэньне гадзін вывучэньня расейскай мовы.

Сьлядоў украінскай мовы ў школьнай праграме Данецку на восьмым годзе вайны амаль не засталося. Афіцыйна акупацыйныя ўлады «ДНР» абяцалі вольны выбар мовы навучаньня, аднак насамрэч увесь працэс пастаянна адбываўся па-расейску. А з 2020 году вывучэньне ўкраінскай мовы ў школах «ДНР» і «ЛНР» стала неабавязковым.

Палітоляг Алег Саакян лічыць новыя нормы ў адукацыі спробай паказаць жыхарам акупаваных тэрыторый, што аддаленьне ад Украіны працягваецца. А пашырэньне расейскай мовы ў школе — спробы акупацыйных уладаў самаабвешчаных рэспублік прыглушыць расчараваньне шэрагу людзей тым, што Расея не зьбіраецца далучаць гэтыя тэрыторыі да сваёй дзяржавы.

Экспэрт лічыць, што дзеля прапаганды праграму вывучэньня моваў карэнных народаў могуць «разбавіць» навагрэцкай і армянскай мовамі. Аднак гэта будзе ня больш як сымбалічны жэст для некалькіх сёлаў і школаў, а насамрэч сытуацыя стане нагадваць часы СССР, калі на Данеччыне і Луганшчыне ўкраінскую мову вывучалі на невысокім узроўні.

У Расеі вывучэньне расейскай мовы зьяўляецца абавязковым прадметам, а вось заняткі нацыянальнымі мовамі ў рэспубліках з 2017 году сталі неабавязковымі пасьля ўказу прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Тады прадстаўнікі карэнных народаў РФ — комі, чувашоў, марыйцаў, удмуртаў, татараў і іншых — назвалі перавод родных моваў у разрад неабавязковых для вывучэньня прадметаў «новай хваляй русыфікацыі і калянізацыі рэгіёнаў».

10 верасьня 2019 году на знак пратэсту супраць адмены абавязковага вывучэньня нацыянальных моваў удмурцкі вучоны і абаронца ўдмурцкай мовы Альберт Разін учыніў акт самаспаленьня ў Іжэўску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG