Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» адмянілі


Гледачы на фэстывалі «Магутны Божа» ў 1994 годзе
Гледачы на фэстывалі «Магутны Божа» ў 1994 годзе

Фэстываль праводзіўся ў Магілёве з 1993 году, апошнім часам раз на два гады. Але сёлета нават не называюць прычыны адмены.

Традыцыйны Міжнародны фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» апошнім часам ладзілі раз на два гады, але сёлета яго адмянілі, піша katolik.life.

Фэстываль сёлета мог стаць 24-м, аднак да 30 жніўня інфармацыі пра яго так і не зьявілася, хоць звычайна ён праходзіў увесну ці ўлетку.

Прычыну адмены арганізатары назваць ня здолелі. Як мяркуе партал каталікоў, наўрад ці прычынай мог стаць каранавірус — іншыя сьвяты і фэсты, у тым ліку «Славянскі базар у Віцебску», адбыліся.

Фэстываль «Магутны Божа» праводзіўся з 1993 году, яго мэтамі ставілася адраджэньне духоўнай культуры на хрысьціянскім падмурку, умацаваньне і пашырэньне міжнародных сувязяў, аб’яднаньне і ўзаемнае духоўнае ўзбагачэньне з дапамогай музыкі. Фэст аб’ядноўваў звыш 900 салістаў і творчых калектываў з розных краін.

У праграме былі конкурсы вакалістаў і харавых калектываў, духоўныя спэктаклі, сьвята звонавай музыкі, канцэртныя выступленьні. Таксама ладзіліся канфэрэнцыі, на якіх абмяркоўваліся актуальныя пытаньні рэлігіі і веравызнаньня, узаемадзеяньня Царквы і дзяржавы.

Фэстываль назвалі па вершы «Магутны Божа» Натальлі Арсеньневай, які лёг у аснову беларускага духоўнага гімну. Да нядаўняга часу гэтая песьня-малітва шырока выконвалася як у Праваслаўнай, так і ў Каталіцкай цэрквах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG