У пераліку будаўнічых матэрыялаў, вырабаў і канструкцый — больш за трыццаць пунктаў. Цэны на іх абмежавалі з 1 верасьня. Адпаведную пастанову прыняло Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.
Чыноўнікі ўсталявалі максымальныя надбаўкі на цэны для імпартэраў і вытворцаў. А для забудоўнікаў вызначылі гранічную рэнтабэльнасьць.
У Беларусі сёлета істотна падаражэлі будаўнічыя матэрыялы. «Мэтал за першы квартал 2021 году падаражэў на 80%, піламатэрыялы па некаторых пазыцыях падаражэлі больш як на 200%», — цытаваў 2 жніўня партал Realt.by міністра архітэктуры і будаўніцтва Руслана Пархамовіча .
У чэрвені прадстаўнікі ФПБ, Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і Камітэту дзяржкантролю прызналі, што на цэны ў Беларусі ўплывае рост цэнаў у сьвеце, зьвязаны зь вялікім попытам і недастатковай прапановай, бо прадпрыемствы менш выраблялі ў зьвязку з пандэміяй. Разам з тым у іх паўсталі пытаньні што да «абʼектыўнасьці адпускных цэн і гандлёвых надбавак у асобных гандлёвых пунктах», пісала БелТА.
Афіцыйныя прафсаюзы заклікалі тады «зацікаўленыя ведамствы правесьці комплексную работу па стабілізацыі сытуацыі ў гэтай сфэры».
23 лютага для стрымліваньня росту цэнаў на сацыяльна значныя тавары ўрад забараніў павышаць цэны, а з сакавіка — вызначыў мяжу іх павышэньня ня больш як 0,2% за месяц. Павялічваць цэны вышэй за ўстаноўленую мяжу дазволена толькі з згоды камісіі па пытаньнях дзяржаўнага рэгуляваньня цэнаўтварэньня пры Савеце міністраў.
У жніўні ў разы падаражэла некаторая гародніна. Таксама пакупнікі заўважылі перабоі з курацінай.