Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі лідэра «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча. Яму пагражае крымінальная справа


Дзяніс Урбановіч, архіўнае фота
Дзяніс Урбановіч, архіўнае фота

Паводле сваякоў актывістаў, затрыманьне адбылося 26 жніўня ў Гомельскай вобласьці.

Дзяніса Ўрбановіча, Віталя Трыгубава і актывіста Сержука Мацкойця затрымалі 26 жніўня ў Ветцы Гомельскай вобласьці. Пра гэта паведамілі сваякі Дзяніса Ўрбановіча, якому пасьля затрыманьня ўдалося праз тэлефон зьвязацца з роднымі.

«У Ветцы зайшлі паесьці ў кавярню, як неўзабаве туды ўварваліся „праваахоўнікі“. Відаць, за хлопцамі сачылі.

Сяргея Мацкойця забралі адразу і кудысьці павезьлі. Сказалі, што ён у вышуку.

А Дзяніса і Віталя спачатку павезьлі ў Мазыр, разьмясьцілі ў гатэлі, але пад наглядам. Гэта адтуль Дзяніс змог патэлефанаваць. Але празь нейкі час, відаць, прыйшоў загад і хлопцаў зноў затрымалі.

Што зь Віталем, ня ведаем, а Дзянісу аб’явілі, што ён затрыманы на 72 гадзіны. Сказалі, што падазраецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках, якія праходзілі ў Мазыры ў жніўні 2020 году. Дакладна ведаем, што ён тады нават ня быў у Мазыры. Цяпер трымаюць у ізалятары, вядзецца праверка. У яго быў адвакат», — расказалі сваякі лідэра «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча.

Паводле сваякоў, калі Дзяніс апошнім разам адбываў адміністрацыйны арышт, да яго прыходзілі супрацоўнікі спэцслужбаў. Патрабавалі, каб заявіў пра роспуск «Маладога фронту».

«Але Дзяніс ад такой прапановы адмовіўся з прынцыповых меркаваньняў», — паведамілі сваякі Дзяніса Ўрбановіча.

Дзяніс Урбановіч з Лагойскага раёну. У 2018 годзе далучыўся да пратэстаў супраць адкрыцьця каля Курапатаў рэстарацыі «Поедем поедим», пасьля сутычак з агрэсіўнымі наведнікамі рэстарацыі трапляў з траўмамі ў шпіталь, шмат разоў быў затрыманы і адбываў адміністрацыйныя арышты. У 2019 годзе Дзяніса Ўрбановіча выбралі старшынём «Маладога фронту», якім раней кіраваў Зьміцер Дашкевіч.

Дзяніс Урбановіч і Сяргей Мацкойць у канцы ліпеня выйшлі на волю пасьля 20 дзён арышту і расказалі пра бесчалавечныя ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары на Акрэсьціна. Віталь Трыгубаў у канцы чэрвеня выйшаў на волю пасьля 30 дзён арышту.

Паводле «Белсату» Сяргей Мацкойць расказваў паплечнікам, што пазычыў іншаму чалавеку грошы, а той пакінуў у заклад мабільны тэлефон і напісаў заяву ў міліцыю аб крадзяжы. Пакуль актывіст быў у ізалятары, яго кватэру ўзламалі. І калі вярнуўся, пабачыў на дзьвярах паперку ад імя ўчастковага з прапановай «добраахвотна здацца». Яго вінавацяць у «крадзяжы» (арт. 205 КК).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG