Віктар Царыкевіч адседзеў у калёніі ўвесь тэрмін і выйшаў на волю 22 жніўня, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».
Мужчыну прызналі вінаватым па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу за правядзеньне сэрый «цынічных акцый» у верасьні-кастрычніку 2020 году: размалёўваньне прыпынкаў у Мастоўскім раёне, нанясеньні на дрэвах БЧБ-сьцягоў, разьвешваньні на іх пудзілаў у міліцэйскай форме і разьмяшчэньні таблічак у выглядзе рытуальных надмагільляў, а таксама труны з пудзілам у форме міліцыянта.
У пачатку чэрвеня адна з маці палітвязьняў, якіх утрымлівалі ў віцебскай калёніі «Віцьба-3», паведаміла, што за краты прыйшла прапанова падпісаць прашэньне на памілаваньне на імя Лукашэнкі. Хто менавіта з 11 палітвязьняў, якія сядзелі ў гэтай калёніі на той момант, падпісаў прашэньне, невядома.
З турмы Віктар Царыкевіч 6 красавіка даслаў Дзянісу Турчанку ліст са словамі: «Дачка пасьля жнівеньскіх рэпрэсій неяк сказала: „Тата, я 11 год з табой жыву і ніколі ня бачыла, каб ты нечага баяўся“. Пасьля такіх словаў я ня мог збочыць са шляху да мэты. Я ведаў, якім коштам магу разьлічыцца за нашу праўду, і не шкадую».
27 студзеня 2021 году справу Царыкевіча разглядаў старшыня суду Мастоўскага раёну Віталь Сініла. Працэс праходзіў фактычна ў закрытым рэжыме з фармальнай прычынай праз эпідэміялягічную сытуацыю. Акрамя году пазбаўленьня волі, Царыкевіч пазбавіўся і аўтамабіля — яго канфіскавалі як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства».