Большасьць з каналаў суды прызналі экстрэмісцкімі ў 2021 годзе — пачынаючы з 18 лютага ўлады ўнесьлі ў сьпіс забароненых 167 тг-каналаў і чатаў.
Згодна зь цяперашнім заканадаўствам, «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданьне, захоўваньне або перавозка такой інфармацыі» (19.11 КаАП) караецца адміністрацыйнай адказнасьцю.
«Вясьне» вядома пра як мінімум 30 судовых пасяджэньняў па гэтым артыкуле. Агулам людзям прысудзілі 12 557 рублёў штрафу і 164 дні арышту.
Акрамя каналаў і чатаў у Тэлеграме, улады прызнаюць экстрэмісцкімі і рэдакцыі недзяржаўных выданьняў. У апошнія тыдні такімі прызналі Tribuna.com, Tut.by, Zerkalo.io, сацыяльныя сеткі Hrodna.life.