Сілавікі затрымалі «пратэставага» шахтара
У Салігорску затрымалі працаўніка чацьвёртага рудаўпраўленьня прадпрыемства «Беларуськалій» Алега Кудзёлку. Летась у верасьні той адмовіўся падымацца на паверхню на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.
Шахтара схапілі ў будынку Дзяржаўтаінспэкцыі Салігорску, куды ён прыехаў абмяняць пасьведчаньне на кіраваньне аўтамабілем.
Згодна з інфармацыяй сваякоў, затрыманьне магло быць зьвязанае з пачатай раней адміністрацыйнай справай. Пры гэтым міліцыянты не называюць канкрэтнай прычыны, якая паслужыла падставай да такіх дзеяньняў.
Арышты за падтрымку Знака і Калесьнікавай
Выкладчыцу МДЛУ Валерыю Крамянеўскую затрымалі ў пятніцу, 13 жніўня, каля суду, дзе праходзяць пасяджэньні ў справе Марыі Калесьнікавай і Максіма Знака. Яе асудзілі на 14 сутак, паведамляе тг-канал «Студэнцкая думка».
18-гадовую Аляксандру Мішчанку, якую затрымалі разам з Валерыяй Крамянеўскай, асудзілі на 30 сутак арышту. Абедзьвюх цяпер утрымліваюць на Акрэсьціна.
У Гомлі зноў затрымалі Ільлю Міронава
У Гомлі зноў затрымалі валянтэра Ільлю Міронава. Ён пасьпеў паведаміць маці, што сёньня ў яго будзе суд. Прычына затрыманьня на гэты час дакладна невядомая.
Ільля Міронаў застаецца падазраваным у крымінальнай справе за «акт тэрарызму». У ліпені ў яго быў ператрус, пасьля якога ён 8 дзён правёў у ІЧУ.
Гамяльчук вядомы тым, што напісаў больш за 2500 лістоў палітвязьням і занёс сотні кіляграмаў перадач у ІЧУ і СІЗА.