Урок, на якім Андрэй Пятроўскі расказваў пра гісторыю нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга, запісаў на мабільны тэлефон адзін з вучняў — сын мясцовай чыноўніцы. Неўзабаве пасьля тых заняткаў настаўніка звольнілі са школы, дадому да яго прыходзілі сілавікі, якія забралі шэраг рэчаў. Цяпер жа Пятроўскага зьбіраюцца судзіць, піша «Наша Ніва».
На Пятроўскага завялі крымінальную справу па ч.1 арт.367 Крымінальнага кодэксу за нібыта паклёп на Лукашэнку. Даваць паказаньні настаўнік адмовіўся, віны не прызнаў. Цяпер ён пад падпіскай аб нявыезьдзе і належных паводзінах.
Увечары 18 сакавіка, калі ў доме Пятроўскага з санкцыі пракурора правялі агляд, у яго забралі стары ноўтбук, пляншэт, флэшкі і смартфон. Тады, па словах сілавікоў, справа была зьвязаная нібыта з «распальваньнем сацыяльнай варожасьці». У чым і дзе менавіта знайшлі інфармацыю, што настаўнік быццам абразіў Лукашэнку, невядома.