Судзьдзя Сьвятаслаў Каліна пакараў:
- Антона Сотнікава — 4 з паловай гадамі пазбаўленьня волі,
- Рамана Гвазьдзелку, Дзяніса Жука, Юрыя Кузьміча, Вадзіма Жылінскага — 4 гадамі пазбаўленьня волі,
- Дзьмітрыя Тура, Мікіту Ганчарова — 3 з паловай гадамі пазбаўленьня волі,
- Дзьмітрыя Князева, Дзьмітрыя Панько, непаўналетняга Максіма Шатохіна — 3 гадамі пазбаўленьня волі.
Суд над 3-й групай абвінавачаных працягваўся з 28 траўня. Раней судовыя паседжаньні неаднаразова пераносілі ў сувязі з хваробай абвінавачаных. У выніку справы Арцёма Клімчука, Аляксандра Цялешмана вырашылі вынесьці ў асобнае вядзеньне.
Палову фігурантаў да 19 ліпеня не зьмяшчалі ў ізалятар, яны заставаліся на волі (з падпіскай аб нявыезьдзе і пад паручальніцтвам). Аднак пракурор хадайнічаў аб узяцьці іх пад варту. Прысутныя на паседжаньні расказалі Свабодзе, што дзяржаўнае абвінавачаньне матывавала гэта тым, што, паводле зьвестак ГУБАЗіК, фігуранты справы «ўступілі ў змову» з мэтай пакінуць тэрыторыю Беларусі і зьбіраліся зьехаць ва Ўкраіну.
У чым абвінавацілі фігурантаў?
Дзяржаўны абвінаваўца сьцьвярджае, што падсудныя 10 жніўня падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры Берасьця — на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспэкце Машэрава — нібыта груба парушылі грамадзкі парадак і ўчынілі пагромы. Яны таксама, маўляў, чынілі гвалт над супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Выкарыстоўвалі пры гэтым дошкі, палкі, сьметніцы, фрагмэнты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, мэталічныя ніты, ёмістасьці з фарбай, піратэхнічныя вырабы.
Потым абвінавачаныя нібыта наўмысна зьнішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі ды іншую маёмасьць, якая належала міліцыі, фізычным і юрыдычным асобам.
У выніку беспарадкаў, паводле вэрсіі сьледзтва, пацярпелі больш за 20 сілавікоў. Агульную суму нанесенай шкоды сьледзтва ацаніла ў 24 тысячы рублёў (пашкоджана 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шаломы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, сьметніцы, дрэвы).
На гэты момант вынесьлі прысуды 1-й, 2-й і 4-й групам абвінавачаных. Над 5-й і 6-й групамі абвінавачаных суд яшчэ ідзе.
Каго ўжо пакаралі?
- 10 сакавіка судзьдзя Вера Філонік асудзіла дзевяць чалавек на тэрміны ад 3 да 4,5 года калёніі. Непаўналетнія Сяргей Гацкевіч і Дзяніс Хазей атрымалі па 3 гады выхаваўчай калёніі.
- 21 траўня судзьдзя Андрэй Грушко прысудзіў яшчэ 13 фігурантам ад 3 гадоў выхаваўчай калёніі да 5 гадоў турмы. Сярод абвінавачаных была і дзяўчына асуджанага Дзяніса Хазея 18-гадовая Віталія Бандарэнка. Яе пакаралі 4 гадамі калёніі агульнага рэжыму.
- Чацьвёртую групу фігурантаў пакаралі 12 ліпеня. Судзьдзя Ленінскага раёну Дзьмітры Шурын прысудзіў 8 фігурантам да 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Суд над пятай групай фігурантаў (13 чалавек) меў адбыцца, але праз хваробу аднаго з абвінавачаных паседжаньне перанесьлі на 9 жніўня. Праваабарончы цэнтар «Вясна», спасылаючыся на сваякоў падсудных, паведаміў, што ў гэтай групе абвінавачаных будуць судзіць таксама хлопцаў з папярэдніх партыяў, справы якіх раней вылучылі ў асобнае вядзеньне з прычыны іх хваробаў.
- Суд над шостай групай абвінавачаных у «масавых беспарадках» пачаўся 6 жніўня. Працэс вядзе судзьдзя Іна Клышпач. На лаве падсудных 6 чалавек.
- У рамках крымінальнай справы аб «масавых беспарадках» у Берасьці на гэты момант агулам асудзілі ўжо 40 чалавек.