Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць 12 новых фігурантаў «карагоднай справы» ў Берасьці


Супраць асуджанай у «карагоднай справе» Алены Гнаўк рыхтуюць новае абвінавачаньне
Супраць асуджанай у «карагоднай справе» Алены Гнаўк рыхтуюць новае абвінавачаньне

26 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця пачаўся суд над сёмай групай абвінавачаных ва ўдзеле летась 13 верасьня ў карагодзе на скрыжаваньні бульвару Касманаўтаў і праспэкту Машэрава.

Справу разглядае судзьдзя Вера Філонік. Бок дзяржаўнага абвінавачаньня аказваюць пракуроры Генадзь Бур і Вадзім Багатка.

Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», падчас ранішняга паседжаньня віну прызнаў цалкам Канстанцін Пяцінкін, прызналі часткова — Аляксей і Тацяна Біруковы, Сяргей Дзягцярык, Андрэй Парфеявец. Усе астатнія цалкам не прызналі выстаўленае ім абвінавачаньне.

На гэты момант вынесьлі ўжо пяць калектыўных прысудаў. Агулам асудзілі 57 асобаў, 4 зь іх адправілі ў калёнію.

Гэтым разам на лаве падсудных 12 чалавек:

  • Натальля Шыла
  • Андрэй Касьцюк
  • Уладзімер Макарэвіч
  • Юлія і Ігар Лаптановічы (апошні пад вартай з 24 сакавіка)
  • Тацяна і Аляксей Біруковы
  • Арцём Андрасюк
  • Дар’я Дзям’янка
  • Канстанцін Пяцыкін
  • Сяргей Дзягцярыка
  • Андрэй Парфеявец

Усіх фігурантаў вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку). Санкцыя ў гэтым выпадку прадугледжвае штраф, арышт ці абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да трох гадоў.

Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, падсудныя ў групе зь іншымі асобамі наўмысна ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Іх дзеяньні нібыта былі спалучаныя зь непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, арганізацыяў і прадпрыемстваў. З прычыны прастою тралейбуснаму парку нанесеная шкода ў суме 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчаваньня.

Стала вядома, што на 64-гадовую актывістку Алену Гнаўк, асуджаную ў «справе карагоду» на 2 гады «хатняй хіміі», завялі яшчэ адну крымінальную справу — за абразу Лукашэнкі. На жанчыну паскардзіўся ахоўнік РАУС, якому не спадабаліся яе словы ў судзе.

У пастанове адзначаецца, што яна ў «Доме правасудзьдзя» выказалася фразай, якая зьмяшчае нэгатыўную ацэнку і ёсьць абразьлівай у дачыненьні да дзейнага прэзыдэнта, чым публічна абразіла яго. Як лічыць сама Алена, на разглядзе «справы карагодаў», дзе яна выступала як абвінавачаная, яна проста некарэктна выказалася пра Лукашэнку, але абразы не было.

26 ліпеня Алену Гнаўк выклікалі у Сьледчы камітэт Берасьця. Справу актывісткі вядзе сьледчы Мілеўскі. Цяпер жанчыне пагражае да 4 гадоў зьняволеньня.

Суд над шостай групай абвінавачаных, якая налічвае 12 фігурантаў, меў адбыцца 23 ліпеня. Аднак працэс так і не пачаўся, бо ў адной з абвінавачаных выявіўся станоўчы тэст на каранавірус. У выніку судовае паседжаньне вырашылі перанесьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG