Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За паўгода беларусы забралі з банкаў валютныя дэпазыты на суму звыш 620 млн даляраў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Раней у Нацбанку заяўлялі, што адток укладаў увасабляе пагрозу фінансавай стабільнасьці. Уклады ў рублях раней, наадварот, дэманстравалі рост, а цяпер зноў зьніжаюцца.

За красавік–чэрвень тэрміновыя банкаўскія ўклады беларусаў скараціліся на 1 мільярд 633,93 мільёна рублёў, паведамляе Нацбанк. Гаворка пра дэпазыты ва ўсіх валютах у рублёвым эквіваленце. Прычым зьніжэньне гэтага паказчыку ў другім квартале назіралася амаль ва ўсіх банках, за выключэньнем двух.

У Нацбанку ўдакладняюць, што ў тэрміновых банкаўскіх укладах па-ранейшаму пераважаюць зьберажэньні ў замежных валютах, іх доля складае 68,7%. За другі квартал сёлета гэты паказчык скараціўся на 2,5 адсоткавага пункта.

Зьніжэньне дэпазытаў адбылося пераважна за кошт укладчыкаў-жанчын, за другі квартал 2021 году рэшткі дэпазытаў скараціліся на 967 мільёнаў рублёў, а гэта 61,3% ад агульнага аб’ёму зьніжэньня ўкладаў.

Адток дэпазытаў увасабляе пагрозу фінансавай стабільнасьці, стварае падвышаны ціск на ліквіднасьць банкаў, істотна абмяжоўвае магчымасьці банкаў у крэдытнай падтрымцы эканомікі. Сродкі насельніцтва і юрыдычных асоб складаюць аснову рэсурснай базы банкаў.

Часьцей за ўсё беларусы забіраюць з банкаў тэрміновыя дэпазыты ў замежнай валюце. Іх велічыня за паўгодзьдзе зьнізілася на 13,4%. Каб банкі маглі стрымаць адток укладаў, з 18 чэрвеня Нацбанк прыпыніў дзеяньне рэкамэндацый аб гранічным памеры працэнтных ставак па валютных укладах фізычных асоб.

Аб’ём рублёвых дэпазытаў на 1 ліпеня складаў 4 мільярды 605,9 мільёна рублёў, што на 5,6 мільёна менш, чым месяцам раней. Агулам з 1 студзеня рублёвыя дэпазыты беларусаў вырасьлі на 73,3 мільёна рублёў, але ў апошнія месяцы назіраецца скарачэньне рублёвых укладаў.

Агульная сума валютных дэпазытаў фізычных асоб на 1 ліпеня склала 4 мільярды 18,9 мільёна даляраў, што на 210,4 мільёна даляраў менш, чым месяцам раней. У параўнаньні з пачаткам году сума скарацілася на 620,8 мільёна даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG