Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, у чым падазраюць філёзафа Ўладзімера Мацкевіча


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Філёзафа, мэтадоляга і грамадзкага дзеяча Ўладзімера Мацкевіча падазраюць у «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу, да чатырох гадоў пазбаўленьня волі).

Пра гэта паведаміў БелаПАН яго адвакат Дзьмітры Лазавік.

6 жніўня абаронцу ўдалося наведаць Мацкевіча ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Паводле ягоных слоў, пастанову аб падазрэньні зачыталі падабароннаму 4 жніўня, допыт у якасьці падазраванага пакуль не праводзіўся.

«Ператрусы праведзеныя па месцы рэгістрацыі і месцы фактычнага пражываньня. Канфіскаваныя ўсе электронныя прылады, у тым ліку кампутары, жорсткія дыскі, карты памяці, мабільныя тэлефоны, некаторыя дакумэнты. Падчас ператрусаў і „апэратыўнай гутаркі“ мелі месца парушэньні правоў падабароннага, якія выявіліся ў неналежным тлумачэньні яму яго правоў», — заявіў адвакат.

Ён адзначыў, што сам Мацкевіч ня лічыць гэтыя парушэньні істотнымі. «Пытаньне падачы скаргі па факце парушэньня правоў пляную абмеркаваць зь ім заўтра. Катаваньні або гвалт да майго падабароннага не ўжываліся — ані фізычныя, ані псыхалягічныя. Апэратыўныя работнікі КДБ паводзілі сябе вельмі карэктна. Спэцсродкі таксама не ўжываліся. Уладзімір адчувае сябе нармальна, бадзёрасьці духу і пачуцьця гумару ня страціў. Віну не прызнае. Усім перадае прывітаньне. Сваё цяперашняе становішча ўспрымае па-філязофску», — сказаў Лазавік.

Раніцай 4 жніўня сілавікі — па неафіцыйнай інфармацыі, супрацоўнікі КДБ — прыйшлі зь ператрусамі да Мацкевіча, сацыёляга Тацяны Вадаласкай, а таксама да экс-кіраўніка Беларускай нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» і «ЭўраБеларусі» Ўлада Вялічкі.

У пастанове аб ператрусе ў Вялічкі фігуравала 17 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Пасьля ператрусу Вялічку павезьлі на допыт у якасьці падазраванага і позна ўвечары адпусьцілі, допыты будуць працягнутыя пазьней. Тады ж зьявілася інфармацыя пра затрыманьне сацыёляга Аксаны Шэлест. Яе, як і Вялічку, пасьля адпусьцілі.

Уладзімер Мацкевіч — філёзаф і мэтадоляг, грамадзкі дзеяч, тэлевядоўца. Заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў, першы кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» (міжнародная грамадзкая арганізацыя, створаная прадстаўнікамі НДА ў 2007 годзе і зарэгістраваная ў Літве ў 2009 годзе), заснавальнік праграмы стварэньня «Лятучага ўнівэрсытэту».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG