Уладзімера Мацкевіча і Тацяну Вадаласкую, якія знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня ГУУС Менскага гарвыканкаму, беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.
Праваабарончыя арганізацыі заяўляюць, што працяг запалохваньняў і арыштаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, адвольнае пазбаўленьне свабоды сталі звыклай практыкай органаў, закліканых у дэмакратычным грамадзтве забясьпечваць законнасьць і правапарадак.
На іх думку, у Беларусі асабістая недатыкальнасьць перастала ўспрымацца ўладамі як абавязковая да павагі і абароны кожнага чалавека.
«Зьняволеньне Ўладзімера Мацкевіча і Тацяны Вадаласкай — вядомых навуковых і грамадзкіх дзеячаў — ужытае выключна з-за іх перакананьняў, а таксама ў сувязі зь негвалтоўным ажыцьцяўленьнем правоў і свабодаў, гарантаваных Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Эўрапейскай Канвэнцыяй аб абароне правоў чалавека», — гаворыцца ў супольнай заяве праваабаронцаў, пасьля чаго заяўляецца аб прызнаньні Мацкевіча і Вадаласкай палітычнымі зьняволенымі.
Праваабаронцы запатрабавалі ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Уладзімера Мацкевіча і Тацяну Вадаласкую і спыніць супраць іх крымінальны перасьлед, а таксама вызваліць без аніякіх папярэдніх умоваў усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Цяпер у Беларусі 610 чалавек несправядліва знаходзяцца ў турмах паводле палітычных абвінавачаньняў.
Уладзімер Мацкевіч — заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгій, першы кіраўнік рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» (2011–2016), заснавальнік праграмы стварэньня сучаснага ўнівэрсытэту ў Беларусі «Лятучы ўнівэрсытэт», вядоўца тэлеперадачаў. Удзельнічаў у ініцыятыве «Сход».
Тацяна Вадалаская — старшы аналітык Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі. Экспэрт аналітычнай групы Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў. Кандыдат сацыялягічных навук.