Лічбу 100 млн дыягназаў перасягнулі за год, яшчэ сто мільёнаў чалавек заразіліся ў наступныя шэсьць месяцаў.
Найбольш выпадкаў выявілі ў ЗША (35 млн), Індыі (амаль 32 млн) і Бразыліі (20 млн). На чацьвёртым месцы — суседка Беларусі Расея, якая мае 6,3 млн выпадкаў.
У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 5 жніўня, усяго зарэгістравана 449 302 заражэньні, сьмяротных выпадкаў 3 494, выздаравелі 443 417, хварэюць цяпер 2 391. Шмат хто ў Беларусі і за мяжой ставіць гэтыя лічбы пад сумнеў.
38% дыягназаў, зарэгістраваных апошнім часам, прыпадаюць на бедныя краіны.
Памерлі больш за 4,2 млн чалавек ува ўсім свеце. Навукоўцы з унівэрсытэту Вашынгтона лічаць, што паказьнікі сьмяротнасьці ад СOVID-19 заніжаныя ўдвая.
Масавая імунізацыя, на думку навукоўцаў з унівэрсытэту Гопкінза, запавольвае пандэмію і дапамагае перадухіліць гібель людзей, але вакцынаў на ўсіх не хапае.
Агенцтва Reuters адзначае, што каранавірусам заразіліся прынамсі 2,6% насельніцтва Зямлі. Калі сабраць іх разам, яны склалі б восьмую колькасьцю насельніцтва краіну ў сьвеце.
У гэтай сытуацыі Сусьветная арганізацыя здароўя заклікала багатыя краіны часова адмовіцца ад трэцяй прышчэпкі супраць каранавірусу і перадаць заашчаджаныя дозы краінам, якія жывуць у нястачы і пераважная большасьць насельніцтва якіх па-ранейшаму застаецца без вакцыны.