Жонка палітыка Марына Адамовіч атрымлівае ад яго лісты. Але яе лісты, імаверна, да Міколы Статкевіча не даходзяць.
«Бо ён піша, што апошні мой ліст атрымаў, датаваны 4 ліпеня. „Падобна, у чарговым апэратыўным мерапрыемстве нас памянялі месцамі“, — напісаў Мікола ў лісьце, маючы на ўвазе, што раней ягоныя лісты не перадавалі мне, а цяпер — наадварот.
Ён піша, што мала лістоў атрымлівае ад людзей. І тым ня менш яму перадалі ліст ад так званага „Круглага стала дэмакратычных сілаў“, то бок кампаніі Юрыя Васкрасенскага. Мікола толькі пасьмяяўся з прапановы наконт памілаваньня. Там была цытата: „Помните: вас дома ждут родные и близкие“. „Мне гэта нагадала ўлёткі, якія скідалі з самалёта тыпу „рама““, — пажартаваў Мікола», — кажа Марына Адамовіч.
У лісьце палітык зазначыў, што ня лічыць вартым адказваць на такія прапановы.
Ён напісаў і свае разважаньні наконт «зачысткі», трэцяга сэктара, анансаванай беларускімі ўладамі. «Наконт „зачысткі“ — яе пэрыядычна абяцалі як адказ на санкцыі, яшчэ „самы патрыятычны міністар“ пагражаў ёю па беларускім радыё. Нібыта ён ёсьць (трэці сэктар. — РС). Хоць летась у раёнах і дварах ён зьявіўся. Калі рэжым вырашыў прыбраць са свайго фасаду дэкаратыўнае аздабленьне, то да адмены санкцый гэта не прывядзе, хутчэй наадварот», — працытавала ліст Міколы Статкевіча жонка.
Суд цягнецца ў закрытым рэжыме ў гомельскім СІЗА-3 з 24 чэрвеня. Адвакаты кажуць, што дату прысуду пакуль прагназаваць цяжка.
- У будынку гомельскага СІЗА з 24 чэрвеня ў закрытым рэжыме судзяць Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзьмітрыя Папова.
- Іх абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, распальваньні сацыяльнай варожасьці ў Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе.
- Гомельскі абласны суд вырашыў зрабіць працэс закрытым.