Ізраіль рыхтуецца ўжо неўзабаве пачаць вакцынацыю жыхароў трэцяй дозай прэпарату BioNTech/Pfizer. Гэта пацьвердзіў прэм’ер-міністар краіны Нафталі Бэнэт. Гэта першая дзяржава ў сьвеце, якая пайшла на такі крок, піша Reuters.
Трэцюю дозу вакцыны змогуць атрымаць людзі, старэйшыя за 60 гадоў, якія завяршылі курс вакцынацыі дзьвюма дозамі ня менш за пяць месяцаў таму. У рамках тэсту трэцюю дозу ўжо атрымалі 2000 чалавек, небясьпечных пабочных эфэктаў у іх ня выявілі.
Бэнэт сказаў, што прэзыдэнт Ізраілю 60-гадовы Іцхак Герцаг 30 ліпеня атрымаў трэцюю дозу прэпарату. Прэм’ер заклікаў людзей сталага веку, якія ўжо атрымалі дзьве дозы, атрымаць і трэцюю, бо гэта «абароніць ад цяжкой хваробы і сьмерці».
Ізраіль адным з першых у сьвеце вакцынаваў большую частку насельніцтва, ужо да красавіка там прышчапілі 60% грамадзян. З 1 чэрвеня амаль усе карантынныя абмежаваньні ў Ізраілі зьнялі, а з 15 чэрвеня дазволілі не насіць маскі ў памяшканьнях. Аднак праз пашырэньне ў краіне штаму «Дэльта» праз 10 дзён маскі вярнулі.
У ліпені ў краіне расьце колькасьць заражэньняў. У апошні месяц рэгіструюць каля дзьвюх тысяч выпадкаў у дзень. У чэрвені штодня гэта было некалькі дзясяткаў чалавек.
Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) пакуль афіцыйна не рэкамэндуе праводзіць рэвакцынацыю трэцяй дозай празь недахоп зьвестак аб яе эфэктыўнасьці і бясьпецы. САЗ лічыць, што замест гэтага разьвітыя краіны маглі б падзяліцца лішкамі вакцынаў зь бяднейшымі, каб не дапусьціць новых маштабных выбухаў COVID-19 і зьяўленьня новых штамаў.