Сьцяпан Латыпаў кажа, што з цяжкасьцю сочыць за працэсам, у яго галавакружэньне. Лекар зрабіў іньекцыю, але лепш ня стала.
«У камэры горача, кураць. Раніцай быў высокі ціск. Начмэд зрабіў укол і адправіў сюды [на суд]».
Паводле праваабаронцаў «Вясны», судзьдзя Аляксандар Воўк задаволіў хадайніцтва, у суд выехалі лекары. Па абедзе суд над Сьцяпанам Латыпавым усё ж перанесьлі на 30 ліпеня, паведамляюць праваабаронцы. Лекары накіравалі палітвязьня на дадатковае абследаваньне. Яго вярнулі ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Судовае паседжаньне ў крымінальнай справе арбарыста Сьцяпана Латыпава, які раней зьдзейсьніў спробу суіцыду проста ў судзе, працягнулася 29 ліпеня. У яго цяпер новы адвакат — Дзьмітры Канапляньнікаў.
Перад апытаньнем сьведак палітзьняволены хадайнічаў, каб унесьці дапаўненьне ў пратакол судовага паседжаньня ад 10 чэрвеня: судзьдзя прапусьціў у ім фразу «пасьля спробы зьдзяйсьненьня суіцыду ў судзе Савецкага раёну». Аляксандар Воўк хадайніцтва адхіліў.
Сьцяпан Латыпаў заявіў другое хадайніцтва: патрабаваў далучыць да справы дакумэнт, на падставе якога судзьдзя зрабіў выснову, што ў судзе Савецкага раёну была зьдзейсьнена спроба суіцыду.
Падчас судовага паседжаньня праз скайп выступіў сьведка Аляксандар Кольчыц, намесьнік начальніка аднаго з упраўленьняў працы і сацыяльнай абароны. Асабіста з Латыпавым ён не знаёмы, але раней працаваў зь ім.
Яшчэ адна сьведка — Тацяна Шчукіна, старшыня сельвыканкаму ў Збароўскім сельсавеце Рагачоўскага раёну. Там фірма Латыпава праводзіла апрацоўку ад баршчэўніку. Паводле яе, працы выконвалі якасна, прэтэнзіяў не было.
Усім сьведкам Латыпаў задаваў пытаньне, у які момант былі выяўленыя прэтэнзіі. Сьведкі адказвалі, што прэтэнзіяў не было. Эфэкт ад апрацоўкі быў добры, сэртыфікацыю рэчыва не правяралі.
Затым выступіла яшчэ адна сьведка — Людміла Остава, старшыня аднаго зь сельвыканкамаў Рагачоўскага раёну. Судзьдзя працягваў задаваць пытаньні, ці правяралі прэпарат, якім апрацоўвалі тэрыторыі (не правяралі), як праводзілася апрацоўка і адбывалася аплата. Усе сьведкі сказалі, што праз пару тыдняў баршчэўнік стаў жаўцець і сохнуць. Калі празь нейкі час пачыналі зьяўляцца новыя расьліны, апрацоўвалі паўторна. Усё гэта — у рамках адной дамовы.
Прыезд мэдыкаў і перанос паседжаньня
Хуткая дапамога прыехала ў суд Савецкага раёну, мэдыкаў правярала ахова перад тым, як пусьціць у залю. Праверылі сумкі і абмацалі. Пад дзьвярыма залі суду мэдыкі чакалі каля 10 хвілін. Потым іх правялі празь іншы ўваход. Доўгі час нават адвакат ня ведаў, што адбываецца зь яго падабаронным.
У 13.15 міліцыянт у цывільным паведаміў прысутным, што пасьля агляду лекарамі Сьцяпана Латыпава забралі ў лякарню, аднак потым выйшла сакратарка і сказала, што суд працягнецца ў 14.05. Відавочцы бачылі, як «хуткая» зьехала ад будынку суду без Латыпава.
Пасьля абеду суд на Сьцяпанам Латыпавым працягнуўся, яго самога на судзе не было. Судзьдзя Аляксандар Воўк сказаў, што «ў сувязі зь немагчымасьцю працягу паседжаньня без прысутнасьці абвінавачанага» суд працягнецца 30 ліпеня а 10-ай раніцы. У сувязі з дрэнным самаадчуваньнем лекары накіравалі Сьцяпана Латыпава на дадатковае абсьледаваньне. Сам палітвязень цяпер у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага, піша «Вясна».
Хто такі Сьцяпан Латыпаў
- Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня ў ягоным двары каля муралу з выявамі «дыджэяў перамен». Яго падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў.
- 1 чэрвеня зрабіў спробу суіцыду проста падчас судовага паседжаньня. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлусьлівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі.
- Перанёс апэрацыю. На наступны дзень стала вядома, што яго забралі з шпіталя ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пасьля гэтага ён прайшоў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках.
- Сьцяпану Латыпаву 40 гадоў. Родам ён зь Берасьцейскай вобласьці, вучыўся ў беларускай школе. Бацькі — біёлягі. Прафэсіі — арбарыст, прамысловы альпініст 5 разраду.