Працяг суду над Латыпавым прызначылі на 27 ліпеня ў 10:30 у судзе Савецкага раёну Менску.
Расейскія арбарысты запісалі ў падтрымку палітвязьня відэаролік. (Арбарысты — спэцыялісты па абслугоўваньні дрэваў і па доглядзе за імі, Сьцяпан Латыпаў па прафэсіі арбарыст).
«Заўсёды ведай, нават на другім канцы плянэты, кшталту Ўладзівастоку на ціхаакіянскім узьбярэжжы, цябе падтрымліваюць», — гаворыць адзін з калегаў у гэтым відэа.
У брытанскім парлямэнце 22 ліпеня згадалі гісторыю Сьцяпана Латыпава. Шатляндзкі палітык Джордж Фулкс, які стаў «хросным бацькам» Латыпава, нагадаў, што арбарыст ужо 10 месяцаў пад вартай, бо ў яго знайшлі рэчывы, якія могуць уваходзіць у склад выбухоўкі. Ён расказаў пра ціск на Сьцяпана ў СІЗА і пра ягоную спробу суіцыду ў судзе.
«Той факт, што ён і іншыя зьняволеныя ведаюць, што мы сочым за іхнай сытуацыяй, дае ім крыху больш надзеі і, я спадзяюся, дае сыгнал рэжыму, што мы назіраем», — сказаў Фулкс.
Да таго ж ад Латыпава прыйшоў працяг дзіўнага ліста, які ён пісаў незадоўга перад судом. У ранейшым лісьце Сьцяпан апісваў пэрыяд, калі яму было 5 гадоў і ён любіў расказваць у дзіцячым садку ўсялякія выдуманыя гісторыі, а раздражнёная ягонымі фантазіямі выхавацелька пагражала зашыць яму рот бруднай ніткай. Пагроза тады вельмі ўразіла малога хлопчыка: «У тое імгненьне настолькі жыва ўявіў, як іголка пранізвае губу, як брудная, зашмальцаваная нітка цягнецца скрозь раскрытую рану...» — апісваў свае ўражаньні Сьцяпан Латыпаў.
Гэты вобраз працягвае зьяўляцца ў наступных лістах. «Апошнім часам чытаньне лістоў, газэт, прагляд тэленавінаў па БТ малюе ў галаве карцінку вялізнага клубка нітак, устаноўленага пасярод дзіцячай пляцоўкі з жахліва вялікай, іржавай, акрываўленай іголкай, уторкнутай так разьюшана, што вастрыё праткнула гумовае пакрыцьцё.
І страх, ліпкі, чорны, безвыходны страх, які расьцякаецца паўсюль. Я бачу, як тысячы людзей, быццам зачараваныя, неадрыўна глядзяць на іголку і ўяўляюць, як яна пранізвае іхнюю плоць, і не заўважаюць, як яна незаўважна пранізвае іхнія душы», — напісаў Сьцяпан у працяг таго ліста.
Хто такі Сьцяпан Латыпаў
- Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня ў ягоным двары каля знакамітага муралу з «дыджэямі перамен». Яго падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў.
- Латыпаў 1 чэрвеня зрабіў спробу суіцыду проста падчас судовага паседжаньня. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлусьлівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі.
- Яму зрабілі апэрацыю. На наступны дзень стала вядома, што яго забралі са шпіталя ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пасьля гэтага ён прайшоў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках.
- Латыпаву 40 гадоў. Родам ён зь Берасьцейскай вобласьці, вучыўся ў беларускай школе. Бацькі — біёлягі. Па прафэсіі Сьцяпан арбарыст, а таксама прамысловы альпініст 5 разраду.