Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая жонка Сьцяпана Латыпава: «Гэта было абсалютна ўзаемна»


Сьцяпан Латыпаў і яго былая жонка Кацярына
Сьцяпан Латыпаў і яго былая жонка Кацярына

Кацярына, былая жонка палітычнага вязьня Сьцяпана Латыпава, якога гэтымі днямі судзяць у Менску, расказала пра іх сумеснае жыцьцё і пра тое, як адрэагавала, калі Сьцяпан у судзе прызнаўся, што пражыў зь ёй лепшыя гады свайго жыцьця.

Былая жонка Сьцяпана Латыпава Кацярына Саенка агучыла паказаньні ў судзе Савецкага раёну Менску, дзе 27 ліпеня аднавіўся разгляд крымінальнай справы супраць палітвязьня.

Яна распавяла, што са Сьцяпанам пазнаёмілася ў 2017 годзе, ахарактарызаваць яго можа выключна станоўча: «Сьцёпа — самы лепшы чалавек, з адкрытай душой і добрым сэрцам», ён «шмат зрабіў для гэтай краіны». Пра абставіны справы Кацярыне Саенцы нічога не вядома.

Таксама сьведка сказала, што Сьцяпан ледзь не адзіны і найлепшы ў краіне ў сваёй галіне, у яго было шмат замоваў, ён змагаўся са шкоднымі расьлінамі, ратаваў дрэвы.

Хто такі Сьцяпан Латыпаў

  • Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня ў ягоным двары каля знакамітага муралу з «дыджэямі перамен». Яго падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў.
  • Латыпаў 1 чэрвеня зрабіў спробу суіцыду проста падчас судовага паседжаньня. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлусьлівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі.
  • Яму зрабілі апэрацыю. На наступны дзень стала вядома, што яго забралі са шпіталя ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пасьля гэтага ён прайшоў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках.
  • Латыпаву 40 гадоў. Родам ён зь Берасьцейскай вобласьці, вучыўся ў беларускай школе. Бацькі — біёлягі. Па прафэсіі Сьцяпан арбарыст, а таксама прамысловы альпініст 5 разраду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG