Права правесьці камандавы чэмпіянат сьвету ў спартовай хадзе Менск атрымаў у 2017 годзе. Спаборніцтвы плянавалі на травень 2020 году, але праз каранавірус турнір перанесьлі на 2022-і. Аднак ня будзе і яго.
«Мы дамовіліся перанесьці камандавы чэмпіянат сьвету — 2022 у спартовай хадзе зь Менску, бо існуюць абмежаваньні на падарожжы ў Беларусь, захоўваюцца цяжкасьці ў дыпляматычных дачыненьнях. У выніку рада асацыяцыі абрала як месца замяшчэньня Маскат, сталіцу Аману», — спасылаецца спартовы партал «Трыбуна» на кіраўніка Сусьветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Сэбастыяна Коў.
У арганізацыі падкрэсьлілі, што спаборніцтвы перанесьлі ў выніку разгляду адмысловай справаздачы, падрыхтаванай камітэтам рызыкаў. Сярод іншага ў дакумэнце ўказваюць на нявызначанасьць Беларусі ў міжнародных дачыненьнях і абмежаваньні на міжнародныя паездкі.